Расея дае зразумець: некаторыя пошліны застануцца назаўжды

Пагадненьне зь Беларусьсю па нафтавых пошлінах падоўжанае і на 2014 год, паведамляе афіцыйны сайт ураду Расеі.
Праект пратаколу прадугледжвае працяг дзеяньня «дамовы аб парадку ўплаты і залічэньня вывазных мытных плацяжоў на сырую нафту і асобныя катэгорыі тавараў, вырабленых з нафты, пры вывазе з тэрыторыі Беларусі за межы тэрыторыі Мытнага саюзу».

У Маскве тлумачаць, што пагадненьне спыніць дзеяньне адначасова з уступленьнем у сілу дамовы паміж Расеяй, Беларусьсю і Казахстанам аб парадку аплаты вывазнога мыта. Аднак на гэты момант такое пагадненьне не распрацаванае, таму ўзьнікла неабходнасьць працягнуць дзейны дакумэнт.

Беларусь атрымлівае ў рамках Мытнага саюзу расейскую нафту без сплаты мыта, аднак пералічвае ў бюджэт Расеі вывазную пошліну за экспарт нафтапрадуктаў у трэція краін. Паводле беларускага ўраду, у гадавым выражэньні аб’ём сродкаў, якія пералічваюцца ў Расею, дасягае амаль 4 мільярдаў даляраў штогод. Аляксандар Лукашэнка адзначаў, што Ўладзімер Пуцін неаднаразова абяцаў скасаваць нафтавыя плацяжы ад 1 студзеня 2014 году.

Сытуацыю камэнтуе эканамічная аглядальніца Тацьцяна Манёнак:

«Чакалася, канечне што калі бакі ў рамках „тройкі“ ня знойдуць нейкія агульныя падыходы, то гэтае пагадненьне, якое было падпісанае на тры гады, яно працягне дзейнічаць ня толькі ў 2014 годзе таксама, але будзе пралянгіраванае і крышку пазьней. Хоць відавочна, што беларускі бок вельмі імкнецца да таго, каб гэтае мыта было скасаванае. На саміце ў кастрычніку Ўладзімер Пуцін казаў аб тым, што Расея быццам ня супраць адмяніць гэтае мыта, але ж папярэдне трэба зьняць усе бар’еры, якія існуюць цяпер у Адзінай эканамічнай прасторы, бо да падпісаньня пагадненьня аб стварэньні Эўразійскага эканамічнага саюзу ўсе бар’еры маюць быць скасаваныя. Але ж гэта таксама ня факт: той жа першы віцэ-прэм’ер расейскага ўраду Ігар Шувалаў, камэнтуючы вынікі кастрычніцкага саміту ў Менску, даў зразумець, што некаторыя мыты застануцца назаўсёды. Якія канкрэтна — невядома дагэтуль».

Аляксандар Лукашэнка ня так даўно выказаў шкадаваньне: каб грошы ад нафтавых пошлінаў заставаліся ў краіне, а не пералічваліся ў Расею, ён бы «пабудаваў тут Эміраты». Што перашкаджала гэта рабіць, калі Беларусь пастаўляла на Захад нафтапрадукты пад выглядам растваральнікаў ды разбаўляльнікаў, пакідаючы ўвесь прыбытак сабе, не ўдакладняецца.