Прадпрымальнікі і падаткавікі ў «Ждановічах»: сьценка на сьценку

Рынак «Ждановічы»

На рынку «Ждановічы» працягваецца сутыкненьне паміж прадпрымальнікамі і падаткавікамі.
Канфлікт пачаўся 29 лістапада аб 11 гадзіне, калі да аднаго з прадпрымальнікаў, які гандлюе джынсамі насупраць «Дому моды-4», прыйшлі супрацоўнікі падатковай інспэкцыі і пачалі канфіскоўваць тавар.

Іншыя прадпрымальнікі, якія гандлююць па суседзтве, зачынілі свае кропкі і накіраваліся бараніць калегу.

Неўзабаве да падаткавікоў далучыліся супрацоўнікі міліцыі і АМАП.

«Цяпер яшчэ нічога ня скончылася. Наадварот, усё разгортваецца. Нагналі АМАПу. Супрацьстаяньне працягваецца, стаяць сьцяна на сьцяну. Стаяць прадпрымальнікі і АМАП разам зь міліцыянтамі і супрацоўнікамі падатковай», — апавёў Радыё Свабода прадпрымальнік Вячаслаў Піліпук.

Адзін з супрацоўнікаў падатковай інспэкцыі паказаў прадпрымальнікам пасьведчаньне.

«Прозьвішча Дыкола, рэйдавы аддзел, Інспэкцыя па падатках і зборах. Нічога нам не патлумачылі, не адказалі на пытаньне прадпрымальнікаў, чаму так адбываецца. Можа, там ёсьць нейкія парушэньні, але нічога не патлумачылі. Проста прыехалі канфіскаваць тавар», — кажа Вячаслаў Піліпук.

Вячаслаў Піліпук дапускае, што такія дзеяньні маглі быць вынікам нейкай праверкі, аднак зьдзіўляецца, чаму гэта нельга нармальна патлумачыць.