Баўмгертнэр адляцеў. Ён ужо ў Маскве

«Баўмгертнэр ўвечары ў чацьвер перададзены прадстаўнікам праваахоўных органаў РФ і сёньня ж будзе адпраўлены самалётам у Маскву», — заявіў Інтэрфаксу прадстаўнік Генэральнай пракуратуры Расеі.
Баўмгертрнэр прыляцеў у Шарамецева ў 23.17 паводле маскоўскага часу рэйсам Аэрафлёту «Масква-Менск» у суправаджэньні супрацоўніка Федэральнай службы выкананьня пакараньняў — паведамляе ІТАР-ТАСС.

Генэральны дырэктар «Уралкалію» Ўладзіслаў Баўмгертнэр перададзены ў Менску прадстаўнікам праваахоўных органаў Расеі, пацьвердзілі Інтэрфаксу ў Генпракуратуры гэтай краіны.

Рашэньне пра экстрадыцыю Баўмгертнэра ў Расею Генэральная пракуратура Беларусі прыняла 20 лістапада.

Cправа Баўмгертнэра


Уладзіслаў Баўмгертнэр быў затрыманы ў Менску 26 жніўня. Яго зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар КДБ і абвінавацілі ў злоўжываньнях. Сьледчыя органы Беларусі лічаць, што Баўмгертнэр і шэраг іншых топ-мэнэджэраў Беларускай калійнай кампаніі нанесьлі страты «Беларуськалію» і БКК у памеры да 100 мільёнаў даляраў.

Ад 26 верасьня Баўмгертнэр знаходзіўся пад хатнім арыштам. Яго трымалі ў Менску на найманай кватэры.