Актывісты «Грынпісу» выходзяць на волю

Ганна Паўла Масьель

Актывістка «Грынпісу» Ганна Паўла Масьель першай пакінула СІЗА ў расейскім Санкт-Пецярбургу.
Раней суд пастанавіў адпусьціць яе і яшчэ 18 арыштантаў пад заклад. На волю павінен выйсьці і фатограф Дзяніс Сінякоў.

Заклад за кожнага складае 2 мільёны расейскіх рублёў.

Чальцоў экіпажу вадаплаву «Арктыка Санрайз», які належыць міжнароднай экалягічнай арганізацыі «Грынпіс», вінавацяць у хуліганстве.

30 актывістаў «Грынпісу» былі затрыманыя расейскімі памежнікамі 19 верасьня ў Пячорскім моры. Яны спрабавалі зладзіць акцыю пратэсту супраць здабычы нафты на платформе «Прыразломная», якая належыць «Газпрому».

Эколягаў даставілі ў Мурманск. Суд арыштаваў іх на два месяцы. Пазьней эколягаў перавялі ў сьледчыя ізалятары Пецярбургу, дзе суды сталі адпускаць іх пад заклад.

Актывісту «Грынпісу» зь Вялікай Брытаніі Коліну Расэлу тэрмін арышту падоўжаны на тры месяцы.