Вінярскі: «Я не хаваюся. Проста шукаюць там, дзе мяне няма»

Максім Вінярскі

Максім Вінярскі, каардынатар «Эўрапейскай Беларусі», заявіў Радыё Свабода, што ён не хаваецца ад міліцыі і што бліжэйшым часам будзе высьвятляць, чаму яго хочуць зьвінаваціць у абразе службовай асобы.
«Мне на мабільны тэлефон не тэлефанавалі, але маглі ж… Буду сам званіць і высьвятляць, зь якой мэтай мяне шукаюць», — заявіў Вінярскі.

«Магчыма, яны мяне шукаюць там, дзе мяне няма. Я не хаваюся. Вы ж мне патэлефанавалі. Мой тэлефон зарэгістраваны на мяне, і я карыстаюся ім працяглы час. Няўжо міліцыя яго ня ведае? Пэўна ж ведае! Але чамусьці шукаюць па іншым нумары. Мо, каб пазьней сказаць, што яны мяне не маглі знайсьці і таму будуць абмяжоўваць свабоду», — выказаў вэрсію Вінярскі.

19 лістапада міліцыянты паспрабавалі трапіць у кватэру маці Вінярскага.

20-га — супрацоўнікі МУС тэлефанавалі ягоным сваякам і патрабавалі паведаміць, дзе знаходзіцца Максім.

«Старшы ўчастковы інспэктар міліцыі Савецкага раёну Віталь Паўлоўскі (…) паведаміў, што пададзеная заява пра тое, што Максім абразіў службовую асобу пры выкананьні ёй службовых абавязкаў», — паведаміла «Хартыі-97» сястра Максіма Вінярскага Алена.

У размове з карэспандэнтам Радыё Свабода Алена адмовілася ад камэнтароў на гэтую тэму.

Пра цікавасьць міліцыі да асобы Вінярскага стала вядома ў той самы дзень, калі ён ды іншы грамадзкі актывіст — Леанід Кулакоў — падалі заявы ў суд Савецкага раёну Менску. Вінярскі і Кулакоў просяць пакараць супрацоўнікаў міліцыі, якія сьведчылі на працэсе супраць Юрыя Рубцова.

Рубцова затрымалі пасьля шэсьця ў Курапаты 3 лістапада. Прычынай затрыманьня і 3-суткавага арышту стала майка з надпісам «Лукашэнка, сыходзь», у якой жыхар Гомеля ўдзельнічаў у акцыі.

Вінярскі і Кулакоў таксама выступалі сьведкамі па справе Рубцоўва. Аднак судзьдзя Дзьмітры Паўлючэнка паверыў міліцыянтам.

Максім Вінярскі заявіў Радыё Свабода, што ня ведае, ці зьвязаныя паміж сабой гэтыя факты.