Уладзь Яроменак: Дзякуючы «Ўсходняму партнэрству» яшчэ на волі

Уладзь Яроменак

Прысуд былому палітвязьню, маладафронтаўцу Ўладзю Яроменку — 3 месяцы арышту за парушэньне ўмоваў прафіляктычнага нагляду — паводле Менскага гарадзкога суду ўступіў у сілу з 12 лістапада. Чаму Яроменка дагэтуль не накіравалі ў вязьніцу?
Уладзь сказаў, што гэта адбудзецца не раней за канец лістапада, і выказаў меркаваньне, чаму яго пакуль трымаюць на волі:

«Патэлефанаваў інспэктару, а той сказаў, каб настройваўся на канец лістапада. Маўляў, тады ў турму адправяць, не раней. Пра дакладны дзень паведамяць дадаткова. Я гэта зьвязваю з самітам „Усходняга партнэрства“, які мусіць адбыцца ў Вільні ў канцы лістапада. Адназначна, што яны ня хочуць павялічваць колькасьць палітвязьняў у гэты момант, а чаму яшчэ?

Што буду рабіць? Як звычайна, жыцьцё працягваецца. Вось жонку буду рыхтаваць да чарговага выпрабаваньня».

У 2011 годзе Ўладзя Яроменка асудзілі на 3 гады зьняволеньня за удзел ў мітынгу пратэсту супраць фальшаваньня прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году. Празь некалькі месяцаў ён выйшаў на волю паводле памілаваньня, але грамадзкай дзейнасьці не спыніў і неаднаразова затрымліваўся на акцыях салідарнасьці з палітвязьнямі.

Суд паставіў яго на прафіляктычны нагляд міліцыі, тэрмін нагляду працягнулі. У жніўні Першамайскі суд прызнаў Уладзя Яроменку вінаватым у парушэньні правілаў нагляду і асудзіў на тры месяцы арыштнага дому. Гарадзкі суд гэты прысуд пацьвердзіў. Уладзь Яроменак зьбіраецца абскардзіць рашэньне, але мяркуе, што гэта адбудзецца, ужо калі ён апынецца за кратамі.