Апазыцыя просіць Брусэль не забывацца пра Беларусь

Спэцыяльны зварот пад назовам «Эўрапейская дэклярацыя» да ўдзельнікаў саміту «Ўсходняга партнэрства» ў Вільні сёньня падпісалі прадстаўнікі некалькіх апазыцыйных партыяў Беларусі.
Гэты дакумэнт будзе перададзены на наступным тыдні міністрам замежных спраў Эўразьвязу, — паведаміў Свабодзе старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

«Гэта заява пра нашу схільнасьць да эўрапейскіх стандартаў і каштоўнасьцяў. Мы пазытыўна ацэньваем дачыненьні Брусэля з Украінай, Малдовай, Грузіяй, таму што гэта стварае новыя пэрспэктывы і мажлівасьці для Беларусі.

Разам з тым мы адзначаем, што для большай эфэктыўнасьці праекту Эўразьвязу неабходна ўзмацняць свае інструмэнты ўзьдзеяньня на ўлады Беларусі. Найперш, мы згадваем праблемы вызваленьня і рэабілітацыі палітычных вязьняў і свабодных выбараў. Трэба, каб беларуская тэма яскрава прагучала ў Вільні».

«Эўрапейская дэклярацыя» адкрытая для падпісаньня. Яе ўжо падтрымалі прадстаўнікі АГП, БСДП (Грамада), БХД, жаночай партыі «Надзея».