Папа Рымскі і патрыярх Маскоўскі сустрэнуцца на нэўтральнай тэрыторыі

Папа Францішак і мітрапаліт Іларыён

Першая сустрэча папы і патрыярха Маскоўскага і Ўсяерусі павінна адбыцца ў нэўтральнай краіне, – заявіў ў Рыме мітрапаліт Іларыён, які ў аўторак размаўляў з Францішкам. Такая сустрэча, якая плянуецца ўжо шмат гадоў, папярэдзіла б пілігрымку папы ў Расею, перадае Польскае агенцтва прэсы.

Мітрапаліт Іларыён, які ў якасьці кіраўніка Аддзела зьнешніх царкоўных дачыненьняў Маскоўскага патрыярхату лічыцца другой асобай у РПЦ, у Рыме заявіў: «У гэты момант мы пакуль не гаворым пра візыт папы ў Расею, але пра магчымасьць сустрэчы з патрыярхам Маскоўскім і Ўсяерусі ў нэўтральнай краіне».

Расейскі мітрапаліт у інтэрвію італьянскаму агенцтву ADNKronos таксама засьцярог: «Мы ня ведаем, у якой краіне магло б дайсьці да гэтага».

Гіпатэтычная першая сустрэча папы і кіраўніка расейскага праваслаўя на нэўтральнай тэрыторыі ўжо разглядалася падчас пантыфікату Яна Паўла II, калі патрыярхам Маскоўскім і Ўсяерусі быў Алексі II. Тады, як яе магчымае месца называўся кляштар у Вугоршчыне. Урэшце, аднак, абодва бакі не змаглі пераадолець наяўных рознагалосьсяў, што з боку Масквы было папярэдняй умовай для такой сустрэчы.

Папа Францішак прыняў у Ватыкане Іларыёна, які зьяўляецца «шэфам дыпляматыі» Патрыярхату ў дзень, калі ў Маскве патрыярх Кірыл у сваёй рэзыдэнцыі прыняў мітрапаліта Мілана кардынала Анджэла Сколу.

Кантакты цэркваў сталі больш цеснымі дзеля таго, што на 25 лістапада абвешчаны першы візыт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна да папы Францішка.