Нацбанк пра валюту: Гэта чарговае глупства

У Нацбанку абвяргаюць паведамленьні ў інтэрнэце пра тое, што ў Беларусі зьбіраюцца абмежаваць абарот даляраў ЗША і эўра, а таксама забараніць захоўваць зьберажэньні ў далярах і эўра.
Паводле інтэрнэт-сайтаў, улады Беларусі прапрацоўваюць варыянты ўвядзеньня радыкальных захадаў на валютным рынку краіны. Як стала вядома «Беларускаму партызану», «гарачыя галовы» ў беларускім урадзе рыхтуюць дэкрэт аб абмежаваньні абароту даляраў ЗША і эўра на тэрыторыі краіны. Маўляў, калі ён будзе прыняты, грамадзяне павінны будуць пазбавіцца ад даляраў і эўра цягам двух месяцаў.

Рахункі ў замежнай валюце будуць аўтаматычна пераведзеныя ў нацыянальную валюту. А тыя, хто выяжджае ў іншыя краіны, змогуць купляць валюту толькі па спэцзаяўцы.

Камэнтуючы гэтую інфармацыю карэспандэнту Свабоды, прэс-сакратар Нацбанку Аляксандар Цімашэнка сказаў, што гэта чарговая дурная чутка:

«Гэта хоць крыху падобна да праўды? Ствараем Эўразійскі эканамічны саюз, з адкрытымі межамі. Ну як вы сабе ўяўляеце нейкія забароны ў межах Рэспублікі Беларусь наконт даляраў ці эўра? Як гэта магчыма, вы можаце сабе ўявіць?»

Тым часам у афіцыйнай газэце «Рэспубліка» зьявіўся артыкул, у якім выказана прапанова цалкам забараніць валютныя дэпазыты. На гэта Цімашэнка сказаў, што гэта толькі меркаваньне журналіста:

«Журналіст любога выданьня можа выказваць свой пункт гледжаньня на тую ці іншую праблему. І потым ператвараць гэта ў нейкую інфармацыйную кампанію? Выйшаў адзін артыкул у адным выданьні. Цяпер гэта падаецца як нейкая інфармацыйная кампанія па падрыхтоўцы невядома чаго. Ну як так можна?»