Міхалок сарваў голас, што з канцэртам у Вільні

На афіцыйным сайце гурту «Ляпіс Трубяцкой» паведамляецца пра перанос бліжэйшых канцэртаў у Расеі ў сувязі з тым, што Сяргей Міхалок сарваў голас.
«На жаль, сытуацыя са зьвязкамі Сяргея Міхалка апынулася больш сур’ёзнай, чым мы думалі. Ён сарваў голас у Зеленаградзе і да гэтага часу не аднавіўся. Таму па рэкамэндацыі лекараў мы вымушаныя перапыніць наш тур на тыдзень», — паведамляе lyapis.com.

У зьвязку з гэтым ці адбудзецца плянаваны на 30 лістапада ў Вільні канцэрт гурту «Ляпіс Трубяцкой»? Прадстаўнік гурту Аляксандар Бэргер сказаў карэспандэнту Свабоды:

«Перапынак бярэцца на тыдзень. І ўжо 11 лістапада будзе наступны канцэрт, калі нічога не здарыцца. Проста рэкамэндавалі цягам тыдня ўстрымацца ад актыўнасьці на голас. А далей, спадзяемся, усё будзе нармальна і канцэрты ў Вільні адбудуцца».

30 лістапада беларускі гурт «Ляпіс Трубяцкі» плянуе прэзэнтаваць свой першы цалкам беларускамоўны альбом «Грай» на самай вялікай пляцоўцы Літвы — Siemens Arena ў Вільні, якая зьмяшчае 12,5 тысяч гледачоў.
Усе квіткі на канцэрт у Вільні раскуплены, як і білеты на цягнікі і аўтобусы на гэты дзень.

У Менску прамоцыяй канцэрту займаецца агенцыя «Шаблі». Раней Менскі гарвыканкам забараніў вонкавую рэкляму канцэрту «Грай», распрацаваную агенцыяй-арганізатарам. На стадыі зацьвярджэньня рэклямнага макету ў камітэце па ідэалёгіі гарвыканкаму разьмяшчаць плякат на бігбордах, нават без пазначэньня назвы гурту «Ляпіс Трубяцкі», забаранілі без тлумачэньня прычынаў.