Заўзятары Макею: За такі «сэрвіс » і «дапамогу» проста сорамна

Заўзятары зборнай Беларусі па футболе зьвярнуліся да міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея з просьбай палепшыць якасьць працы беларускіх прадстаўніцтваў за мяжой.
У лісьце заўзятары распавялі пра «нядобрасумленную і некарэктную працу з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь супрацоўнікаў амбасады Беларусі ў Францыі».

11 і 12 кастрычніка гэтага года ў складзе турыстычнай групы фанаты зборнай знаходзіліся на востраве Маёрка (Гішпанія), дзе з грамадзянінам Беларусі Юр’ем Усьціненкам адбыўся няшчасны выпадак, у выніку якога ён трапіў у лякарню ў горадзе Пальма-дэ- Маёрка. Тым часам астатняя група заўзятараў павінна была накіравацца ў Беларусь.

«Мы ведаем, што інтарэсы Рэспублікі Беларусь у Гішпаніі прадстаўляе беларуская амбасада ў Францыі, куды мы неадкладна зьвярнуліся з просьбай аб аказаньні дапамогі нашаму сябру і суайчыньніку.

На жаль, ніякай дапамогі з боку нашай амбасады аказана не было, дзеяньні супрацоўнікаў былі ў асобных выпадках бестактоўныя і некарэктныя. Для шчасьлівага вяртаньня нашага суайчыньніка на радзіму прыйшлося прасіць дапамогі ў нашых эмігрантаў у Гішпаніі, знаёмых у Польшчы (за што ім вялікі дзякуй), і самім экстрана вылятаць на Маёрку», — распавядаюць заўзятары у лісьце да міністра Макея.

Фанаты зборнай просяць Макея прыняць захады для павышэньня ўзроўню працы беларускіх дыпмісій за мяжой, бо «за такі „сэрвіс“ і „дапамогу“ проста сорамна, улічваючы, што дыпляматычныя прадстаўніцтвы зьяўляюцца тварам дзяржавы».

«Мы хочам завастрыць пытаньне адносна працы нашых дыпляматаў, бо нам проста было адмоўлена ў дапамозе. Мы проста прасілі дапамагчы вярнуцца чалавеку, бо ў нас візавы рэжым з Эўропай. Мы нікога не прасілі дапамагчы нам матэрыяльна, мы проста прасілі нашых дыпляматаў дапамагчы вярнуць яго назад. Нам было адмоўлена, прычым у непрыгожай форме», — патлумачыў карэспандэнту Свабоды адзін з заўзятараў Віталь сэнс звароту да міністра Макея.

Пакуль заўзятары не атрымалі адказу зь МЗС Беларусі на свой запыт.

Андрэй Савіных

"Калі такі запыт насамрэч паступіў, то мы безумоўна разьбярэмся ў сытуацыі",— сказаў начальнік упраўленьня інфармацыі — прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных.

Заўзятар Юры Ўсьціненка з Магілёва, які трапіў у гішпанскую лякарню, застаўся без дапамогі дыпляматаў і павінен 9600 эўра за лекаваньне.