У Брусэлі адкрываецца саміт ЭЗ

У Брусэлі сёньня адкрываецца саміт Эўразьвязу, на якім будуць абмяркоўвацца праблемы нелегальнай іміграцыі ў краіны Эўропы, а таксама скандал вакол падслухоўваньня спэцслужбамі ЗША тэлефонных размоў грамадзян замежных дзяржаў.

Днём раней паміж канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель і прэзыдэнтам ЗША адбылася тэлефонная размова ў сувязі з паведамленьнямі аб тым, што спэцслужбы ЗША маглі падслухоўваць яе мабільны тэлефон.

Прэзыдэнт Францыі Франсуа Аланд таксама настойвае на тым, каб пытаньне падслухоўваньня тэлефонаў было ў цэнтры парадку дня саміту – у сувязі з інфармацыяй аб перахопе Агенцтвам нацыянальнай бясьпекі ЗША дзясяткаў мільёнаў званкоў і тэкставых паведамленьняў французаў.

Італія, Грэцыя, Мальта, Кіпр, Баўгарыя і Гішпанія маюць намер засяродзіцца на праблеме нелегальнай іміграцыі ўцекачоў з Паўднёвай Афрыкі і Блізкага Ўсходу ў гэтыя краіны. За апошні час сотні людзей загінулі пры спробе дабрацца да краін ЭЗ на невялікіх судах празь Міжземнае мора.