За цыганоў ніхто не заступіўся

Your browser doesn’t support HTML5

Цыганскі пасёлак зьнішчылі перад «Дажынкамі»

Сем сем’яў жлобінскіх цыганоў, выселеных да «Дажынак» з прыгараднай вёскі Лебядзёўка, разьехаліся па рэгіёне. Ніякай кампэнсацыі ад уладаў за разбураныя й закапаныя ў дол дамы яны не атрымалі.
Цяпер на месцы цыганскіх пабудоваў засталіся толькі вялікія лапікі жоўтага пяску. Хаты й гаспадарчыя пабудовы закапаныя ў дол, а само месца абнесена агароджай з мэталёвага профілю, пафарбаванага з боку магістралі Менск — Гомель у сіні колер.

Малады цыган Пётар Рушнякоў усё яшчэ ня можа разьвітацца з гвалтоўна зруйнаваным паселішчам. Удвух з прыяцелем, які назваўся Мішам, яны распалілі цяпельца й выпальваюць у ім алюмініевы дрот з абрыўкаў ізаляваных электраправадоў. Вядома ж, каб здаць алюміній на пункт другаснай сыравіны й атрымаць нейкую капейчыну.

Сям’я Рушняковых, у якой налічваецца сем душ, выправілася ў вёску Беліца — прыкладна за дзесяць кілямэтраў ад Жлобіна. Пётар кажа, што там усе яны наймаюць невялічкую хаціну:

«У Беліцы там невялічкі дамок. Мы не купілі, а на кватэры там. Мільён на месяц! Каб пабудавацца, патрэбны грошы».

Разбураная сядзіба Івана Еўдакімава


Спадар Міша таксама перажывае сыход супляменьнікаў зь Лебядзёўкі. Побач там застаўся толькі адзін цыганскі дом, куплены ў ранейшых гаспадароў з усімі дакумэнтамі:

«Людзі цяпер блукаюць усюды. У каго грошы ёсьць, наймаюць хаты. А ў каго няма, паехалі да бацькоў ці яшчэ куды. Зь зямлі гэтай выбраліся».

Мясцовыя ўлады адмаўляюцца камэнтаваць гвалтоўнае высяленьне цыганоў зь Лебядзёўкі — прапануюць пісаць афіцыйныя запыты.

Закапаныя хаты цыганскага паселішча


Цыганскі барон Юры Дамброўскі паведаміў, што апошнім часам хварэў і не хадзіў да ўладных чыноўнікаў пытацца хоць якой кампэнсацыі за разбураныя дамы. А перад высяленьнем цыганоў яго выклікаў да сябе міліцэйскі начальнік:

«Я не хадзіў, але мяне выклікалі перад гэтым. Кулакоўскі выклікаў, начальнік міліцыі. Мы гутарылі, і ён сказаў, што некаторым цыганам выдзелілі ўчасткі. Маўляў, няхай зьвяртаюцца ў выканкам — і астатнім выдзеляць. Гэта пакуль не пабурылі, выклікалі — сказаць, каб зносілі дамы. Дадзім участкі — няхай пераносяць свае дамы й будуюцца».

Насамрэч аказалася іначай. Заснаванае тры дзесяцігодзьдзі таму кампактнае паселішча цыганоў разбурылі, і тыя падаліся ў белы сьвет.

Крайняя ацалелая цыганская хата


Былы старшыня Жлобінскага райсавету, экс-дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня Марат Афанасьеў згадвае, што ў савецкія часы існавала практыка заахвочваньня цыганоў да аселага жыцьця. Яны й пасяліліся ў свой час у Лебядзёўцы на пустэчы, на самым ускрайку прыдняпроўскай поймы:

«І вось яны пабудавалі дамы ў гэтай пойме. І ніхто іх не чапаў, аж пакуль не пачалі будаваць аўтамагістраль. Бяз гэтага іх бы ніхто й ня бачыў. Але ж тут старшыня аблвыканкаму Дворнік езьдзіць. І ён дае ўказаньне высекчы ўсё начыста ўздоўж дарог. І калі пачалі дрэвы высякаць — вось яны, цыганскія дамы стаяць, якія начальніцкаму воку ня надта падабаюцца. А як яны тут зьявіліся? Пачынаюць разьбірацца. А, незаконна — і цыганоў проста выкінулі».

Спадар Афанасьеў кажа, што гадоў восем таму прывёз з Чэхіі і перадаў у мясцовы выканкам тамтэйшую праграму адаптацыі цыганоў:

«Я чэскую прывёз праграму і аддаў ім. Там расьпісана, як трэба займацца зь дзецьмі цыганоў у школах, як выдзяляць працоўныя месцы на прадпрыемствах, няхай і ня самыя даходныя. Але ўсялякім чынам убудоўваць у структуру рэгіёну, каб яны не былі ізгоямі і на іх не паказвалі пальцам. Праграму гэтую нават не пераклалі».

Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі 18 тысяч цыганоў. Неафіцыйныя крыніцы называюць нашмат большую лічбу — каля 60 тысяч. У Жлобіне да гвалтоўнага высяленьня цыганы кампактна пражывалі ў згаданай прыгараднай вёсцы Лебядзёўка, а таксама ў мікрараёне Паўднёвы, да якога, на іх шчасьце, «Дажынкі» не дайшлі.