Інспэктары ААН: хімічная зброя ў Сырыі ўжывалася

Жыхары паўночнасырыйскага гораду Алепа трэніруюцца, як дзейнічаць пры хімічнай атацы

Інспэктары ААН цьвердзяць, што яны маюць «ясныя і пераканаўчыя сьведчаньні» таго, што 21 жніўня ў Сырыі супраць «цывільнага насельніцтва, у тым ліку дзяцей» была ўжытая хімічная зброя.
У доўгачаканай справаздачы экспэртаў ААН паведамляецца, што сабраныя экспэртамі палявыя, хімічныя і мэдычныя доказы сьведчаць пра тое, што 21 жніўня ў дамаскім прадмесьці Гоўта былі выкарыстаныя ракеты тыпу «зямля-зямля» з нэрвова-паралітычным рэчывам зарын. У выніку гэтага ўдару загінулі сотні чалавек.

Справаздачу прадставіў на паседжаньні Рады Бясьпекі генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун. Інспэктары не былі ўпаўнаважаныя выявіць адказных за хімічную атаку.