Адвакаты Баўмгертнэра рыхтуюць скаргу на рашэньне Менгарсуду

Дзьмітры Гарачка

Абаронцы гендырэктара «Уралкалія» Ўладзіслава Баўмгертнэра рыхтуюць скаргу на рашэньне Менскага гарадскога суду, які не зьмяніў яму меру стрыманьня.
Паводле аднаго з адвакатаў Баўмгертнэра Дзьмітрыя Гарачкі, абаронцы пакуль ня вызначыліся, куды яны будуць падаваць гэту скаргу — старшыні Менгарсуду альбо ў пракуратуру горада Менска, паведамляе Інтэрфакс.

13 верасьня Менгарсуд не задаволіў скаргу адвакатаў гендырэктара «Уралкалія» на рашэньне суду Партызанскага раёна Менска, які 6 верасьня не адмовіўся вызваліць Баумгертнэра з-пад варты.

Дзьмітрый Гарачка сустракаўся са сваім падабаронным апошні раз у пятніцу і паведаміў яму пра рашэньне Менскага гарадзкога суду.

Гендырэктар «Уралкалія» быў затрыманы 26 жніўня ў Менску, з таго часу ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ Беларусі. Яму выстаўлена абвінавачаньне па ч.3 арт. 424 (Злоўжываньне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі).