Высотка «Газпрома» будзе дамінаваць над Менскам

Аўтобусы з «Маскоўскага» вакзалу ўжо пакрысе прыбіраюць

«Газпром» абяцае пабудаваць на месцы аўтавакзала «Маскоўскі» самы высокі будынак у беларускай сталіцы.
13 верасьня на сустрэчы ў Менску з кіраўніком «Газпрома» Аляксеем Мілерам Аляксандар Лукашэнка адзначыў «адсутнасьць узаемных прэтэнзій».

Тым часам Мілер прадставіў Лукашэнку праект новага офіса «Газпрома», які ўзьнікне на месцы цяперашняга аўтавакзала «Маскоўскі» і абяцае зрабіцца самым высокім гмахам Менску — 31 паверх, вышыня 182 мэтры. На гэты момант самым высокім будынкам Менску лічыцца хмарачос «Ветразь», што на Кальварыйскай вуліцы, — 133 мэтры.

Будоўлю новага комплексу «Газпрома» ў Менску абяцаюць завяршыць у 2018 годзе. На думку Мілера, ён «упрыгожыць архітэктурнае аблічча Менску, дадасьць яму сьвежых фарбаў»:

Аляксей Мілер

«Ён стане яшчэ адной гарадзкой славутасьцю, месцам прыцягненьня менчукоў і гасьцей сталіцы. Кожнаму тут будзе прыемна працаваць, праводзіць сустрэчы і адпачываць усёй сям’ёй. Зьяўленьне такога комплексу дасьць новыя магчымасьці для вядзеньня бізнэсу, паляпшэньня дзелавога клімату гораду. Разам з тым ён стане зручнай пляцоўкай для правядзеньня відовішчных культурных і масавых мерапрыемстваў».

Лявонцій Зданевіч

Менскі архітэктар Лявонцій Зданевіч ня бачыць патрэбы ў такім пампэзным комплексе, тым больш у разбурэньні пад яго дзейнага аўтавакзалу:

«Пытаньне ў тым, навошта нам гэткія аб’екты? Што ў нас, дэмаграфічны ўздым? Або ў нас эканоміка ў такім стане, што не хапае офісных памяшканьняў? Хапае. Іх, наадварот, зашмат, і іх цяжка здаваць, нават у цэнтры. Пытаньне ня ў тым, як упішацца гэты новы аб’ект у гарадзкую забудову, а ў тым, што сапраўды добры аб’ект, які цяпер там існуе, вакзал, які быў калісьці адзначаны Дзяржпрэміяй, мог бы заставацца на месцы. А будаваць нешта больш патрэбнае для эканомікі нашай краіны, для людзей можна ў іншым месцы. А можа, увогуле трэба меней будаваць, а нечым іншым заняцца? Будоўлі вельмі шмат у Менску, а паглядзіце, у якім стане малыя гарады, пэрыфэрыя. Што мы, палову насельніцтва Беларусі павінны сабраць у адным горадзе? Я не лічу гэта правільным».

Тое, што над Менскам будзе дамінаваць хмарачос расейскай кампаніі, адпавядае сучаснай палітыцы беларускіх уладаў, перакананы Лявонцій Зданевіч.