ЗША і Паўднёвая Карэя рыхтуюцца да нападу з боку КНДР

Пратэст у Паўднёвай Карэі супраць выпрабаваньняў ядзернай зброі ў КНДР

Злучаныя Штаты і Паўднёвая Карэя распрацавалі сумесны апэратыўны плян на выпадак ядзернага нападу з боку КНДР.
Аб стварэньні такога пляну паведамляецца ў дакладзе, распаўсюджаным паўднёвакарэйскім агенцтвам у нядзелю.

У апэратыўным пляне вызначаны фармат так званага «ядзернага парасоніка», які ЗША даюць Рэспубліцы Карэя на выпадак нападу або правакацыі з Поўначы. Пра дэталі пляну не паведамляецца. Вядома, што ЗША маюць каля 30 тысяч вайскоўцаў, разьмешчаных у Паўднёвай Карэі, і неаднаразова падкрэсьлівалі сваю прыхільнасьць да забесьпячэньня бясьпекі гэтай краіны. У новым дакумэнце гэтыя абавязальніцтвы будуць замацаваныя пісьмова.

У пачатку кастрычніка кіраўнікі ваенных ведамстваў Рэспублікі Карэі і ЗША падпішуць гэты плян. ЗША дамагаюцца ад КНДР поўнай адмовы ад ядзернай праграмы.

Тым часам у сталіцы КНДР ідзе падрыхтоўка да нацыянальнага сьвята, 65-й гадавіны ўтварэньня краіны, якое адзначаецца 9 верасьня. Карэспандэнт Итар-ТАСС перадае з Пхеньяну, што «рабочыя, службоўцы, салдаты і афіцэры, студэнты і школьнікі ўскладаюць кветкі да шматлікіх статуяў і мазаічных пано, прысьвечаным першаму прэзыдэнту КНДР Кім Ір Сэну і яго сыну Кім Чэн Іру, які абвясьціў палітыку сонгун, якая азначае прыярытэтную ролю арміі ў жыцьці краіны».