Фільм «Жыве Беларусь!» афіцыйна выйшаў на DVD

Вокладка фільму "Жыве Беларусь"

Сёньня ў крамах па ўсёй Польшчы пачынаецца продаж дыскаў з польска-беларускай стужкай «Жыве Беларусь!»
Вокладка DVD аздобленая па-польску. Паводле інфармацыі інтэрнэт-крамы Empik, фільм мае дзьве гукавыя сьцежкі — арыгінальную беларускую і польскую агучку, а таксама польскія і ангельскія субтытры. На сайце інтэрнэт-крамы дыск прадаецца за 28 злотых (прыкладна 8$).

Грамадзкая прэм’ера фільму адбылася 17 красавіка 2013 ў Варшаве з удзелам вядомых польскіх дзеячоў палітыкі і культуры. Цягам месяца адбылося больш за 400 паказаў у кінатэатрах па ўсёй Польшчы. Фільм атрымаў узнагароду за «Найлепшы сцэнар» на Міжнародным брусэльскім кінафэстывалі, быў адзначаны на фэстывалях у Сэтубале (Партугалія), Празе (Чэхія), Сопаце (Польшча). Увосень фільм бярэ ўдзел у конкурснай сэкцыі «Панарама» найбуйнейшага польскага кінафоруму ў Гдыні, адабраны да ўдзелу ў кінафэстывалях у Вене, Стамбуле, Варшаве і Вільні.

Ад 8 траўня фільм даступны да прагляду ў інтэрнэце. За тры месяцы яго паглядзелі больш за 300 тысяч разоў. Фільм выклікаў супярэчлівую рэакцыю аўдыторыі, як станоўчыя, так і рэзка адмоўныя рэцэнзіі. Амбасадар Беларусі ў Польшчы Віктар Гайсёнак, а таксама Беларуская ваенная газэта «Во славу Родины» рэзка асудзілі стужку.

Фільм «Жыве Беларусь!» польскага рэжысэра Кшыштафа Лукашэвіча зьняты на аснове рэальных падзеяў 2009-2010 гадоў. Гэта першы мастацкі фільм па-беларуску пра сучасную Беларусь.

Сцэнар напісаны Кшыштафам Лукашэвічам і Францішкам Вячоркам. У фільме зьняліся рэпэр Вінсэнт, акторы Дзяніс Тарасенка, Алесь Малчанаў, Раман Падаляка, Анатоль Кот, шоўмэн Аляксандар Памідораў, польская акторка Караліна Грушка.