Нацыянал-бальшавік чакае прысуду

Дзяніс Сахар

У судзе Менскага раёна 26 жніўня працягнецца разгляд адміністратыўнай справы супраць нацыянал-бальшавіка Дзяніса Сахара.
Яго вінавацяць у непадпарадкаваньні законным патрабаваньням службовай асобы. Справу разглядае судзьдзя Андрэй Бяліла.

Дзяніс Сахар быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі 10 жніўня падчас правядзеньня нацболамі спартова-палявых збораў у лесе побач з Воўкавіцкім вадасховішчам у Менскім раёне.

Міліцыя пры затрыманьні выкарыстала сілу, а таксама сьлезацечны газ. Усяго разам з Сахарам затрымалі 11 чалавек.

Усіх адвезьлі ў аддзяленьне міліцыі ў Ждановічах, дзе былі складзеныя пратаколы за «расьпіцьцё алькагольных напояў у грамадзкім месцы», хаця арганізатары збораў сьцьвярджаюць, што зьбіраліся ў лесе і сьпіртовых напояў у іх не было, бо мерапрыемства было спартовае.

Намесьнік начальніка Ждановіцкай міліцыі Пяткевіч адразу ж аштрафаваў кожнага на суму ад 100 да 800 тысяч рублёў.

Дзяніс Сахар да суду ўтрымліваўся ў СІЗА Менскага раёну.

На першым судовым паседжаньні 12 жніўня Дзяніс Сахар падаў хадайніцтва дапытаць сьведак са свайго боку, а таксама міліцыянтаў, якія не зьявіліся ў суд. Судзьдзя задаволіў хадайніцтва, суд быў перанесены на 26 жніўня.

Дзяніс Сахар заявіў, што пры затрыманьні яму прыснулі газам, апранулі кайданкі, ад якіх засталіся сьляды на руках.