Нацболы пакараныя штрафамі

Your browser doesn’t support HTML5

Яўген Контуш: У іх знайшліся сьведкі, якія бачылі тое, чаго не было

Сёньня праходзяць суды над затрыманымі 8 жніўня нацболамі — Яўгенам Контушам, і Дзьмітрыем Паліенкам.
Цэнтральны суд Менску прызнаў двух беларускіх нацыянал-бальшавікоў вінаватымі ў правядзеньні 6 жніўня акцыі каля Міністэрства абароны і пакараў іх штрафамі — кожнаму па 12 базавых велічынь. Актывісты казалі, што ня ўдзельнічалі ў акцыі, і прадставілі сьведак, да якіх суд не прыслухаўся.

22 жніўня ў суд былі выкліканыя нацыянал-бальшавікі Дзьмітрый Паліенка і Яўген Контуш. Абодвух 8 жніўня затрымалі на вуліцы і ў той жа дзень пачалі судзіць за акцыю 6 жніўня, калі побач зь Мінабароны была вывешана расьцяжка «Далоў войска нявольнікаў!» Тады суд палічыў, што міліцыя сабрала недастаткова матэрыялаў для адміністратыўных спраў, і адправіў дакумэнты на дапрацоўку. Працэсы адбыліся сёньня. Працаўніка МАЗу Дзьмітрыя Паліенку асудзілі за 10 хвілін. Ягоны сьведка Цімур Прыходчанка засьведчыў, што Дзьмітрый 6 жніўня ў час акцыі каля Мінабароны быў зусім у іншым месцы. Сьведкі-міліцыянты ў суд не зьявіліся. Як было сказана, яны знаходзяцца ў адпачынку. Судзьдзя Вікторыя Шабуня зачытала іхнія паказаньні і прызнала Дзьмітрыя Паліенку вінаватым. Штраф у 1 мільён 200 тысяч рублёў за акцыю, у якой ня браў удзелу, працаўнік МАЗу лічыць адчувальным і незаслужаным пакараньнем. Дзьмітрый адзначае, як судзьдзя Вікторыя Шабуня правяла судовы разбор:

Дзьмітрый Паліенка

«Мой адвакат патрабаваў, каб узялі запіс відэакамэры зь Мінабароны, па якім магчыма было высьветліць, ці быў я на акцыі, але судзьдзя гэтае хадайніцтва не задаволіла. Ды, калі шчыра, я і не чакаў, што мяне апраўдаюць. Прыйшоў у суд з торбай з рэчамі, не выключаў, што дадуць суткі. Аказалася — штраф. Такое ўжо ня раз бывала. Прыкладам, напярэдадні 3 ліпеня нас хапаюць і потым судзяць нібыта за тое, што лаяліся матам».

Працэс над Яўгенам Контушам цягнуўся больш за паўгадзіны. Сьведкам Яўгена выступіла ў судзе ягоная маці Марына Контуш, якая даводзіла, што 6 жніўня сын быў дома. На гэты працэс таксама не зьявіліся сьведкі-міліцыянты, і суд задаволіўся зачытваньнем іхніх паказаньняў, згодна зь якімі актывіст падчас акцыі знаходзіўся каля Міністэрства абароны. Яўген Контуш назваў гэтыя паказаньні хлусьнёй і вінаватым сябе не прызнаў. У камэнтары пасьля суду актывіст руху беларускіх нацыянал-бальшавікоў сказаў пра дзеяньні менскай міліцыі:

«Зьявілася зусім сумная тэндэнцыя: увогуле ня хочуць разьбірацца і шукаць вінаватых у „правапарушэньні“, а хапаюць усіх, хто значыцца ў іхных сьпісах ці базах дадзеных. Спрабуюць на іхнім прыкладзе запалохаць усіх астатніх, што без наступстваў нічога не застанецца. Таму ўсім актывістам трэба трываць і не баяцца».

26 жніўня ў Менскім раённым судзе адбудзецца працэс над яшчэ адным актывістам нацыянал-бальшавікоў — Дзянісам Сахарам, якога затрымалі 10 жніўня падчас летніка на вадасховішчы Пціч. Справу Дзяніса Сахара таксама адправілі на дапрацоўку. Актывіста абвінавачваюць у непадпарадкаваньні міліцыі, чаго ён за сабой не прызнае. Дзяніс мяркуе, што яму таксама помсьцяць за акцыю каля Міністэрства абароны, дзе быў вывешаны лёзунг «Далоў войска нявольнікаў!»