БХД перадала ў КДБ пэтыцыю за вызваленьне ксяндза Лазара

Аналягічны зварот перададзены ў Генэральную пракуратуру.
Аргкамітэт па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» 13 жніўня пераслаў у КДБ і Генэральную пракуратуру Беларусі пэтыцыю за тэрміновае вызваленьне каталіцкага сьвятара, пробашча парафіі Спасланьня Сьвятога Духа ў Барысаве Ўладзіслава Лазара.

Пэтыцыю з 1 жніўня падпісалі 1066 чалавек.

«У СІЗА КДБ больш за два месяцы знаходзіцца каталіцкі сьвятар, пробашч парафіі Спасланьня Сьвятога Духа ў Барысаве Ўладзіслаў Лазар. У чым яго вінавацяць, незразумела, бо ўвесь гэты час, нягледзячы на патрабаваньні грамадзтва і ажыятаж у СМІ, КДБ настойліва захоўвае маўчаньне па гэтай справе.

Мы лічым, што арышт сьвятара зьяўляецца спробай шантажу Каталіцкага Касьцёлу ў Беларусі і запалохваньня беларускага грамадзтва. У сувязі з гэтым мы патрабуем неадкладнага вызваленьня ксяндза Ўладзіслава Лазара», — гаворыцца ў звароце, які цытуе прэсавая служба БХД.