Урад Кубы: У краіне няма палітвязьняў, ёсьць толькі «найміты»

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала пяцёх кубінскіх зьняволеных «вязьнямі сумленьня» і заклікала да іх неадкладнага вызваленьня.
Адмысловы дарадца гэтай праваабарончай арганізацыі Хаўер Зуніга заявіў, што пяцёра палітвязьняў — Рафаэль Матас Монтес дэ Ака, Эмілі Планас Робэрт і браты Алексеіс, Дыянга і Віянка Варгас Марцін — гэта толькі «вяршыня айсбэргу» на фоне рэпрэсій кубінскіх уладаў супраць іншадумцаў.

Урад Кубы заяўляе, што ў краіне няма палітвязьняў, а ёсьць толькі «найміты», якія за замежныя грошы спрабуюць падарваць камуністычны лад.

У апошнія гады кубінскія ўлады вызвалілі многіх палітвязьняў, якія адседзелі працяглыя тэрміны. Але праваабаронцы адзначаюць, што зараз асноўнай мерай ціску на нязгодных стала кароткатэрміновае зьняволеньне.