Анішчанка папярэдзіў Беларусь пра рээкспарт «Рошэн»

Кіраўнік Роспотребнадзора Генадзь Анішчанка папярэдзіў Беларусь аб недапушчальнасьці рээкспарту прадукцыі ўкраінскай кампаніі «Рошэн», якая забароненая для ўвозу на тэрыторыю Расеі.

«Нас турбуе Рэспубліка Беларусь, якая ў пэрыяд забароны на ўвоз у Расею віннай прадукцыі адной зь дзяржаў падвізалася на рээкспартныя схемы і пастаўляла на тэрыторыю Расеі забароненыя на яе эканамічнай прасторы вырабы», — заявіў Анішчанка Інтэрфаксу.

Анішчанка папярэдзіў афіцыйны Менск, што ня будзе «з разуменьнем» ставіцца да рэалізацыі такіх рээкспартных схемаў.

Паводле Анішчанкі, дадатковыя дасьледаваньні пацьвердзілі небясьпечнасьць прадукцыі ўкраінскай кампаніі «Рошэн». Было пастаноўлена забараніць увоз на расейскую тэрыторыю прадукцыі чатырох кандытарскіх фабрык кампаніі «Рошэн» — кіеўскай, віньніцкай, марыупальскай і крамянчускай.