Сьвіньні з падворкаў у ваколіцах комплексаў ідуць пад нож

Улады пачалі рэалізацыю рашэньня пра ліквідацыю сьвіней з прыватных падворкаў у ваколіцах буйных сьвінакомплексаў.
Жыхары Сьветлагорскага раёну атрымалі паведамленьні, што мусяць забіць сьвіней, каб пазьбегнуць распаўсюджваньня афрыканскай чумы.

Адпаведныя інфармацыйныя паведамленьні разьмешчаныя ў грамадзкіх месцах, а таксама асабіста ўручаныя мясцовым жыхарам, паведамляе БелаПАН.

Так, у вёсцы Еланы на платах і на краме вісіць аб’ява:

«Да ведама насельніцтва! У сувязі з распаўсюджваньнем хваробы сьвіней — афрыканскай чумы, раённы штаб па прафіляктыцы афрыканскай чумы на тэрыторыі Сьветлагорскага раёну вырашыў зрабіць забой усяго пагалоўя сьвіней на прыватных падворках да 1 жніўня 2013 году. У адваротным выпадку сьвіньні будуць прымусова адбірацца і ліквідавацца».

Грамадзкі актывіст Кастусь Жукоўскі, які гасьцяваў у Елані ў сваякоў, распавёў, што патэлефанаваў у раённы штаб:

«Але я не дамогся там выразнага адказу — хто ім дае права забіраць у людзей і ліквідаваць сьвіней прымусова. Што гэта за інстанцыя такая — штаб, якія ён мае паўнамоцтвы распараджацца сьвіньнямі на прыватным падворку? Я лічу, дадзеныя рашэньні незаконныя», — заявіў БелаПАН Жукоўскі.

Ён зьвярнуўся з заявай да пракурора Гомельскай вобласьці.

Тым часам у Нараўлянскім раёне пастанавілі закрыць усе дробнатаварныя фэрмы з малым пагалоўем сьвіней, а вяскоўцам, якія пражываюць за пяць і менш кілямэтраў ад сьвінакомплексу вёскі Завойць, прадпісана ў самыя кароткія тэрміны пазбавіцца ад пагалоўя сьвіней. Сьвініну прымаюць па 30 тысяч за кіляграм. Пра гэта піша раённая газэта «Прыпяцкая праўда».