Пад Шчучынам зьнішчылі крыж памяці Арміі Краёвай

Урачыстасьці падчас усталяваньня крыжа 12 траўня. Фота www.zpb.org.pl

Невядомыя зламысьнікі сьпілавалі крыж у вёсцы Рачкаўшчына, усталяваны на прыватным падворку ў памяць аднаго з камандзіраў Арміі Краёвай. Фундамэнт помніка засыпалі зямлёй.
Пра інцыдэнт паведаміў партал Саюзу палякаў Беларусі.

Акт вандалізму здарыўся, калі гаспадароў прыватнай сядзібы, дзе ўсталяваны крыж, не было дома. Вандалы вывезьлі крыж у невядомым кірунку, а ягоны падмурак засыпалі зямлёю.

СПБ не выключае, што за актам вандалізму могуць стаяць мясцовыя ўлады.

Вераніка Сэбасьцьяновіч, даведаўшыся пра зьнікненьне крыжа, сказала, што яе гэта вельмі расхвалявала:

«Гэта зрабілі людзі безь ніякай культуры. Таму што гэта крыж, і ён ні ў чым не павінен. Я ўвесь час кажу, што на крыж кожны мае права, хто памірае, бо кожны з нас хрышчаны. А тыя, хто пілуе крыжы, — гэта ім можа вельмі нашкодзіць, бо Бог з гэтым не пагодзіцца. Дый крыж там нікому не перашкаджаў. Няхай павучацца, як даглядаюць могілкі за мяжой, якія там парадак і чысьціня. Вось я нядаўна была і бачыла, як даглядаюцца могілкі савецкіх жаўнераў — там столькі кветак. А тут чамусьці крыж перашкаджае...»

Старшыня непрызнаванага ўладамі Саюзу палякаў Мечыслаў Яськевіч таксама вельмі ўсхваляваўся, даведаўшыся, што крыж сьпілавалі.

«Гэта вандалізм і правакацыя. Цікава, каго яны знойдуць вінаватым і хто за гэта будзе адказваць? Магіла жаўнера ці польскага, ці нямецкага, ці савецкага — гэта магіла, сьвятое месца, і мы абавязаныя яе шанаваць. Ва ўсім цывілізаваным сьвеце гэта шануецца, а ў нас квітнее вандалізм. Прычым не шануецца ня толькі крыж, але і зоркі, нічога не шануецца».

Люцыя Кажанеўская, на зямлі брата якой быў усталяваны крыж, распавяла Свабодзе, што 12 ліпеня іх выклікалі ў сельсавет нібыта дзеля таго, каб задаць нейкія пытаньні. Там чакалі, што павінен нехта прыехаць з раёну зь імі размаўляць, але нікога не дачакаліся. Пасьля 13 гадзіны, вярнуўшыся дамоў, яны пабачылі, што крыж сьпілаваны.

Кажанеўская абураная:

«Гэта бандыцтва. Няма, значыцца, болей рэлігіі ні „польскай“, ні „рускай“, і крыж для іх ужо нічога ня значыць. Усё забралі, і лямпадкі, і вянок, і ружанчык, што на крыжы быў — усё забрана, ніякіх астанкаў не засталося, толькі яма, бо сьпілавана аўтагенам ці чым іншым...»

Сябры непрызнаванага ўладамі саюзу палякаў усталявалі крыж 12 траўня, на 64-я ўгодкі сьмерці аднаго з камандзіраў Арміі Краёвай — Анатоля Радзівоніка, псэўданім Олех. У 1949 годзе Радзівонік з сваімі паплечнікамі загінуў у сутычцы з вайскоўцамі НКУС.

За гэта кіраўніка непрызнанага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў Мечыслава Яськевіча аштрафавалі на 4 мільёны, а 82-гадовую пэнсіянэрку Вераніку Сэбасьцяновіч — на 2,5 мільёна.

Вераніка Сэбасьцяновіч была сувязной АКоўцаў пад псэўданімам «Ружачка» і затым атрымала прысуд — 25 гадоў сталінскіх лягераў. Выйшла на волю неўзабаве пасьля сьмерці Сталіна.