Лёс помніка Каліноўскаму вызначыць Ладуцька

Зьявілася першая рэакцыя менскіх уладаў на калектыўны зварот менчукоў аб усталяваньні ў горадзе помніка нацыянальнаму герою Кастусю Каліноўскаму.
Першым прыйшоў адказ ад старшыні Менскага гарадзкога савету Васіля Панасюка. У лісьце на імя ініцыятара збору подпісаў Алега Корбана ён паведамляе, што зварот разгледжаны і перададзены ў Менскі гарвыканкам «у адпаведнасьці з кампэтэнцыяй».

«Навошта Менску такія „дэпутаты“, якія ня могуць разглядаць звароты ад сваіх выбаршчыкаў і нешта вырашаць?» — гэтак адрэагаваў Алег Корбан на адказ.

Зварот быў накіраваны 9 ліпеня. Актывісты даслалі лісты кіраўніку Менскага гарсавету дэпутатаў, міністру культуры, старшыні Менгарвыканкаму.

Усяго было сабрана 4000 подпісаў за помнік Каліноўскаму ў Менску, 3500 зь іх былі пасланыя ўладам.

Кампанію зьбіраньня подпісаў сярод жыхароў Менску за будоўлю помніка лідэру нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863–1864 гадоў Кастусю Каліноўскаму правялі актывісты грамадзкай арганізацыі «Альтэрнатыва». Яны ж і прапанавалі месца будучага помніка: сквэр, які пачынаецца з вуліцы Каліноўскага, побач з праспэктам Незалежнасьці. Паблізу — Усходнія могілкі, дзе пахаваныя дзеячы беларускай культуры, штогод тут праходзіць шэсьце ў Курапаты.

Актывісты зазначаюць пра станоўчае стаўленьне жыхароў Менску да іхняй ініцыятывы. Людзі ведаюць, хто такі Каліноўскі, разумеюць важнасьць паўстаньня пад ягоным кіраўніцтвам.