У Баўгарыі знайшлі мёртвым праваслаўнага мітрапаліта, які супрацоўнічаў з камуністычнымі спэцслужбамі

У праваслаўным храме ў Сафіі. Ілюстрацыйнае фота

Паліцыя не выключае, што яго маглі забіць
У Баўгарыі сёньня знайшлі мёртвым ўплывовага дзеяча Баўгарскай праваслаўнай царквы, мітрапаліта Варненскага і Вялікапрэслаўскага Кірыла.

Яго цела знайшлі ля вады на беразе мора недалёка ад Варны.

Паліцыя заявіла, што не выключае ненатуральнай прычыны сьмерці 59-гадовага царкоўнага дзеяча.

Мітрапаліт Кірыл у канцы 2012 — у пачатку 2013 году некалькі месяцаў часова ўзначальваў Баўгарскую праваслаўную царкву, але яго лічаць супярэчлівай асобай.

У прыватнасьці, у мінулым годзе праверка вызначыла, што ён доўгі час супрацоўнічаў з баўгарскай Дзяржаўнай бясьпекай, спэцслужбамі камуністычных часоў.

Ён таксама выклікаў раздражненьне многіх баўгараў паказальным выстаўленьнем свайго багацьця, у прыватнасьці, езьдзіў дарагім аўтамабілем, які называў «падарункам ад аднаго прадпрымальніка».