Хаўрусьніку Бакіева не дапамог беларускі пашпарт

Пайзулабэк Рахманаў

Хаўрусьнік зрынутага прэзыдэнта Кіргізстану Пайзулабэк Рахманаў асуджаны да 12 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Пра гэта паведамляе прэс-служба кіргіскага Вярхоўнага суду.

Пайзулабек Рахманаў быў прызнаны вінаватым у злоўжываньні службовым становішчам, самавольным прысваеньні званьня губэрнатара і арганізацыі масавых беспарадкаў. Яшчэ па трох артыкулах крымінальнага кодэкса экс-чыноўнік быў апраўданы за недаказанасьцю віны. Першамайскі раённы суд Бішкека таксама пастанавіў спагнаць з падсуднага каля тысячы даляраў на карысьць дзяржаўнай адміністрацыі і ўпраўленьня ўнутраных спраў Джалал-Абадзкай вобласьці.

Пры прэзыдэнце Бакіеве Рахманаў займаў высокія пасады ў краіне. Пасьля красавіцкай рэвалюцыі 2010 года ён удзельнічаў у беспарадках на поўдні краіны разам з прыхільнікамі Бакіева. У траўні 2010 года яны спрабавалі захапіць уладу ў Джалал-Абадзкай вобласьці. Уварваўшыся ў будынак абласнога муніцыпалітэта, Рахманаў абвясьціў сябе народным губэрнатарам рэгіёну. Пазьней ён зьбег з Кіргізстана. Новыя ўлады краіны абвясьцілі яго ў міжнародны вышук.

У чэрвені 2012 Рахманаў быў затрыманы ў Жамбылскай вобласьці Казахстана. Пры затрыманьні ён прад’явіў пашпарт грамадзяніна Беларусі на імя Пазыла Ташбаевіча Ташбаева. Дакумэнты аказаліся фальшывымі, паведамляе агенцыя 24.kg.