Папскі легат прыбыў у Менск

Жан-Люі Таран абвяшчае імя новага папы, сакавік 2013

Пасланец папы рымскага кардынал Жан-Люі Таран прыбыў у Беларусь для ўдзелу ва ўрачыстасьцях з нагоды 400-годзьдзя абраза Маці Божай Будслаўскай.
У Менску кардынал правядзе шэраг сустрэч. 4 ліпеня ў палацы культуры прафсаюзаў адбудзецца прыём у гонар яго прыбыцьця ў Беларусь. На ўрачыстасьць запрошаны замежныя дыпляматы, акрэдытаваныя ў Менску, рэктары шэрагу вышэйшых навучальных устаноў, службовыя асобы.

5 ліпеня ў Будславе кардынал Таран зробіць зварот да беларускай моладзі, а 6 ліпеня адслужыць імшу. 7 ліпеня а 13 гадзіне папскі легат правядзе богаслужэньне ў менскім архікатэдральным касьцёле, на якое запрошаны ўсе каталіцкія біскупы Беларусі.

Кардынал Таран плянуе правесьці ў Менску сустрэчы на дзяржаўным і міжрэлігійным узроўнях, ня выключана і сустрэча зь мітрапалітам Менскім і Слуцкім патрыяршым экзархам Філярэтам, перадае Інтэрфакс.

Падчас сустрэчы зь кіраўніком Беларусі папскі легат кардынал Жан-Луі Таран перадаў дабраславеньне ўсяму беларускаму народу ад папы Рымскага, паведамляе БелТА.