Косава ўводзіць візавы рэжым для Беларусі

Улады Косава 1 ліпеня ўвялі візавы рэжым для 87 краін зыходзячы са ступені «пагрозы бясьпецы Косава, міжнароднага міру і стабільнасьці». Сярод гэтых краін Беларусь.
Паводле міністра замежных спраў Косава, увядзеньне візавага рэжыму дазволіць абараніць краіну ад гандлю людзьмі і незаконнай міграцыі, паведамляе AFP.

Апроч грамадзян Беларусі, павінны мець візу, каб патрапіць у Косава, жыхары Расеі, Украіны і Малдовы. У сьпіс таксама патрапілі Эгіпет, Індыя, Інданэзія, Пакістан і дзесяткі іншых краін Азіі і Афрыкі. Расейцы могуць атрымаць візу Косава толькі праз амбасаду краіны ў Стамбуле.

Мяжа была зачынена таксама для Кітая, які, як і Расея, не прызнаў незалежнасьці тэрыторый, якія адлучыліся ад Сэрбіі. Абедзьве краіны як сябры Рады бясьпекі ААН, блякуюць спробы Косава ўступіць у міжнародную арганізацыю.