Літву будуць прасіць ангажаваць Беларусь

Вільня

26 чэрвеня ў Вільні адбудзецца «сустрэча прадстаўнікоў літоўскіх і беларускіх палітычных партыяў».
Сустрэча пройдзе ў Сойме. Зь літоўскага боку ў ёй зьбіраюцца ўдзельнічаць старшыні двух парлямэнцкіх камітэтаў: эўрапейскіх спраў — Гедымінас Кіркілас і замежных спраў — Бэнэдыктас Ёдка. Сярод удзельнікаў і былы міністар замежных спраў, а цяпер намесьнік старшыні камітэту замежных спраў Аўдронюс Ажубаліс.


Зь беларускага боку ўдзельнічаюць:

• старшыня АГП Анатоль Лябедзька,
• кіраўнік Партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін,
• кіраўнік руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч,
• прадстаўнік «Эўрапейскай Беларусі» Віктар Івашкевіч.

Завершыцца сустрэча ў Вільні гадзіннай размовай яе ўдзельнікаў зь дзейным міністрам замежных спраў Літвы Лінасам Лінкявічусам.

Анатоль Лябедзька: «Зараз на капітанскім мосьціку Эўразьвязу — Літва. (Ад 1 ліпеня яна старшынюе ў Эўразьвязе.) І ад таго, які парадак дня яна прапануе Брусэлю, залежыць вельмі многае. Таму вельмі важна, каб беларускае пытаньне было не ў разьдзеле „Рознае“, а ў асноўным парадку. Сёньня надзвычай складана заангажаваць міжнародную супольнасьць на беларускія справы. Гэта нам, тым, хто жыве ў Беларусі, падаецца, што пра нас павінны гаварыць, дыскутаваць, нешта прапаноўваць. Але гэта не зусім так. Таму мы хочам скарыстаць мажлівасьці Літвы як краіны, якая старшынюе ў Эўразьвязе. І добры тон гэтаму можа задаць сёньняшняя размова на такім высокім роўні».

На сустрэчу запрошаны карэспандэнт Свабоды. Падрабязнасьці на нашым сайце цягам усёй серады.