Ляўрэаты прэміі Быкава — Марачкін і Вайцюшкевіч

19 чэрвеня, у дзень народзінаў Васіля Быкава, на радзіме народнага пісьменьніка ў вёсцы Бычкі Ўшацкага раёна ўганаравалі чарговых ляўрэатаў прэміі «За свабоду думкі» імя Быкава. Сёлета журы вызначыла два ляўрэаты: мастака Аляксея Марачкіна і музыку Зьмітра Вайцюшкевіча.

Імёны ляўрэатаў абвясьціў лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч. Ен паведаміў, што галасы журы, у якое ўваходзяць мінулыя ляўрэаты, падзяліліся роўна напалам, таму і ўзнагародаў сёлета дзьве. Іх атрымалі мастак Алесь Марачкін і сьпявак Зьміцер Вайцюшкевіч. Абодвум уручылі памятныя дыплёмы і традыцыйную ўзнагароду -— скульптуру аўтарства Віктара Копача.

Прэмія імя Васіля Быкава «За свабоду думкі» была заснаваная 6 гадоў таму на ўзор прэміі «За свабоду» імя Сахарава, якой у 2006 годзе быў уганараваны Аляксандар Мілінкевіч. Гэтай прэміяй узнагароджваюць тых, хто, на думку журы, найбольш яскрава праявіў сябе ў грамадзкай, прафэсійнай альбо творчай дзейнасьці на карысьць Беларусі і свабоды.

Ляўрэаты прэміі «За свабоду думкі»


2008 — пісьменьнікі Рыгор Барадулін, Уладзімер Арлоў і палітык Павал Севярынец

2009 — мастак Алесь Пушкін

2010 — Ада Райчонак з Германавічаў, што на Шаркоўшчыне, — арганізатарка мастацкіх пленэраў, стваральніца некалькіх музэяў і заснавальніца Цэнтру імя Язэпа Драздовіча.

2011 — паэт і палітык Уладзімер Някляеў

2012 — музыка Лявон Вольскі і краязнаўца Алесь Белакоз — стваральнік і шматгадовы дырэктар краязнаўчага музэю ў вёсцы Гудзевічы, што ў Мастоўскім раёне.

Імпрэзу ў Бычках некалькі гадоў запар ладзіць Віцебская абласная рада Таварыства беларускай мовы. Старшыня рады Ёсіф Навумчык падаваў заяўку ў Вушацкі райвыканкам, ён жа адказны за правядзеньне сьвяткаваньня ў Бычках, разам з загадчыцай ідэалягічнага аддзелу райвыканкаму Вольгай Карчэўскай.

Праўда, прадстаўнікі раённых уладаў ніколі не выказвалі жаданьня выступіць на быкаўскай імпрэзе. Але слова ім абавязкова б далі, кажа спадар Навумчык.

Сьвяточная імпрэза распачалася а 14-й гадзіне. Выступалі літаратары зь Віцебску, Менску, ад імя Саюзу беларускіх пісьменьнікаў усіх прывітаў Ўсевалад Сьцебурака.
​
На сьвяткаваньні ўгодкаў Васіля Быкава перад гасьцямі выступіла сястра пісьменьніка Валянціна Ўладзімераўна. Усе прысутныя наведалі мэмарыяльны музэй — хату, пастаўленую на ўзор той, дзе прайшло дзяцінства пісьменьніка. Аднавяскоўцы Васіля Быкава — збольшага ўжо нашчадкі ці сваякі тых, хто яго ведаў у маленстве — гасьцінна сустракалі ўсіх, хто прыехаў 19 чэрвеня ў Бычкі.