«Новае жыцьцё» зноў высяляюць. Пастар — у рэанімацыі

Будынак царквы «Новае жыцьцё»

Судовы выканаўца Гаспадарчага суду Менску патрабуе, каб царква «Новае жыцьцё» цягам сямі дзён вызваліла памяшканьне па вуліцы Кавалёва, 72.
Пра гэта гаворыцца ў позьве аб пачатку выканаўчай вытворчасьці адносна царквы, атрыманай вернікамі 13 чэрвеня.

Рашэньне прынятае судом на падставе заявы ЖРЭА Маскоўскага раёну сталіцы. Такога ж зьместу ліст царква атрымала 27 лістапада 2012 году. Тады цягам васьмі дзён вернікі маліліся за вырашэньне сытуацыі і напярэдадні прызначанай даты высяленьня ЖРЭА адклікала свае патрабаваньні.

Юрыст царквы «Новае жыцьцё» Сяргей Луканін адзначыў, што ў 2009 годзе рашэньнем Гаспадарчага суду Менску будынак царквы быў перададзены ва ўласнасьць ЖРЭА Маскоўскага раёну: «І пакуль правы на будынак па дакумэнтах належаць ЖРЭА, гэтая арганізацыя мае права патрабаваць выкананьня рашэньня суду».

Сяргей Луканін (зьлева) і Вячаслаў Ганчарэнка, архіўнае фота

Сяргей Луканін апавёў карэспандэнту Свабоды: «Мы вельмі абураныя, што такое зноў зьявілася. Бо ў сьнежні мінулага году была такая ж сытуацыя, калі мы атрымалі такую ж пастанову з Гаспадарчага суду Менску, якая прымушала нас пакінуць наш будынак. Але пасьля таго як царква тыдзень стаяла ў малітве, нам прыйшла іншая папера, дзе было напісана, што ЖРЭА Маскоўскага раёну, якое па дакумэнтах зьяўляецца ўласьнікам нашага будынку, адклікала свой пазоў. І папрасіла судовага выканаўцу, каб справу здалі ў архіў. Але цяпер зноў тая ж самая гісторыя, на жаль, паўтараецца.

Тое, што адбываецца цяпер, адбываецца на фоне кепскага адчуваньня нашага пастара Вячаслава, які цяпер знаходзіцца ў рэанімацыі. Мы мяркуем, што гэта не выпадкова. Нягледзячы на гэта, царква, канечне ж, ня будзе вызваляць будынак.

Цяпер адбываецца малітва ў нашай царкве, і малітвы будуць штодзённымі. На гэтыя выходныя пройдзе сьвята — дзень народзінаў нашай царквы. Нам 21 год. І нягледзячы на тое, што пастар знаходзіцца ў рэанімацыі і што нам прыйшла пастанова з Гаспадарчага суду, мы ўсё роўна будзем адзначаць наша сьвята. Перад людзьмі і перад Госпадам будзем маліцца і верыць, што Бог і на гэты раз нас выратуе».

Пастар царквы Вячаслаў Ганчарэнка цяпер знаходзіцца ў рэанімацыі. У яго здарыўся ішэмічны мікраінсульт (магчыма, інсульт). Акрамя гэтага, у яго выявілі тромб у сасудзе галаўнога мозгу ў месцы, не даступным для апэрацыі. У другой палове дня стан Ганчарэнкі пагоршыўся, паведамілі ў «Новым жыцьці»