Дэпутат Самасейка яшчэ ня ведае, ці паедзе ў Страсбур

Мікалай Самасейка

У Палату прадстаўнікоў 12 чэрвеня прыйшло запрашэньне для ўдзелу ў пасяджэньні паліткамітэту Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.
Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў старшыня камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Мікалай Самасейка.

Ён адзначыў, што старшыня ПАРЭ Жан-Клод Міньён «выказаў намер на размарожваньне стасункаў» паміж Менскам і Страсбурам. А таксама прапанаваў стварыць адмысловую рабочую групу па беларускім пытаньні.

«У мяне яшчэ няма інфармацыі, паедзем мы ці не паедзем», — сказаў Самасейка.

Ён паведаміў, што паседжаньне плянуецца на 27 чэрвеня. Якім пытаньням яно будзе прысьвечанае?

«Там будзе даклад Хэркеля. Я думаю, у купе будзе ўсё — і сьмяротная кара, і ўсе іншыя пытаньні».

Андрыс Хэркель — спэцдакладчык Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы па сытуацыі ў Беларусі.


Беларусь застаецца адзінай эўрапейскай краінай, якая не ўваходзіць у Раду Эўропы.

У 1993 годзе Беларусь атрымала статус адмыслова запрошанай у Парлямэнцкую асамблею Рады Эўропы (ПАРЭ), але была пазбаўленая яго пасьля рэфэрэндуму 1996 году, вынікі якога міжнародная супольнасьць не прызнала.

У чэрвені 2009 году ПАРЭ прыняла рэзалюцыю пра вяртаньне Беларусі статусу адмыслова запрошанай пры ўмове адмены сьмяротнага пакараньня ці ўвядзеньня мараторыю на яго.

Аднак у 2010 годзе ў Беларусі адбыліся новыя пакараньні, пасьля чаго ПАРЭ афіцыйна параіла сваім сябрам не наведваць краіну.

Намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч сказаў «Свабодзе»:

«Наколькі мне вядома, з боку Рады Эўропы абазначаныя ўмовы, і яны ня супраць былі б бачыць Беларусь у складзе Рады Эўропы ў тым выпадку, калі Беларусь выканае гэтыя патрабаваньні. Яны нязьменныя. Дыялёг, калі ён прывядзе да выкананьня гэтых умоваў, можа мець месца».