Турэцкі прэм'ер вінаваціць у хваляваньнях «экстрэмістаў»

Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры выказаў занепакоенасьць з нагоды падаўленьня пратэстаў у Турцыі і заклікаў улады праяўляць стрыманасьць.
Кэры, выступаючы на прэс-канфэрэнцыі ў панядзелак у Вашынгтоне, заявіў, што Злучаныя Штаты занепакоеныя паведамленьнямі аб празьмерным ужываньні сілы з боку паліцыі і «глыбока занепакоеныя» колькасьцю пацярпелых у выніку антыўрадавых пратэстаў. Кэры таксама заклікаў да расьсьледаваньня гвалту і заклікаў усе бакі «пазьбягаць любых правакацый і гвалту». Гэтая заява зьявілася пасьля таго, як паліцыя ўжыла сьлёзацечны газ для разгону дэманстрантаў па ўсёй краіне.

Прэм'ер-міністар Турцыі Рэджэп Эрдаган рашуча адхіліў параўнаньне цяперашніх пратэстных выступленьняў з народнымі хваляваньнямі, якія адбываліся ў апошнія гады ў некалькіх краінах і атрымалі назву «арабскай вясны». Эрдаган заявіў сёньня, што антыўрадавыя выступы ў Стамбуле, Анкары і іншых гарадах былі арганізаваныя «экстрэмістамі».

Зь пятніцы маніфэстацыі праходзяць у Стамбуле, Анкары і іншых гарадах. Акцыі зьбіраюць дзясяткі тысяч людзей. Спачатку дэманстранты выказвалі незадаволенасьць высечкай дрэваў паблізу цэнтральнай плошчы Таксім, аднак, пасьля акцыі перарасьлі ў антыўрадавыя выступы.