Фэрмэр Матусевіч: Лепш застрэліцца, чым кінуць зямлю

Your browser doesn’t support HTML5

Ён жыве ў маёнтку, як радавіты шляхціц, і робіць у полі ад цямна да цямна, як дбайны селянін. Фэрмэр зь Меншчыны Ўладзімер Матусевіч — у новым выпуску праграмы «Сталкеры Свабоды».
У яго сорак гектараў зямлі. Ці не палова — пад лесам, у якім растуць занесеныя ў Чырвоную кнігу расьліны і вядуцца зайцы, лісы ды казулі. Усё гэта ён любіць і беражэ ад злых людзей, зьвяроў зімой падкормлівае. А на полі між градаў — безьліч кветак.

«Я люблю, калі людзі разводзяць кветкі. Праз кветкі я часам нават вырашаю свае пытаньні вытворчыя. Паедзеш куды нешта выпісаць, здабыць, скажаш, што ў мяне ёсьць шмат кветак, — і кантакт адразу наладжваецца, асабліва з жанчынамі. Яны пытаюцца: якія кветкі ў цябе ёсьць, якія можна памяняць, — і так дамаўляемся».

Ні пры доме, ні ўздоўж сьцежак, ні вакол поля — нідзе няма агароджы. Ён ня любіць платоў.

«На Вялікдзень я быў у адной фэрмэршы ў гасьцях, то ў яе ўсё агароджана плотам, мясцовыя скардзяцца, што ня могуць церазь яе ўладаньні ў лес прайсьці. У мяне — свабода. А свабода — гэта во, каб шырока было».

Уладзімер Матусевіч заснаваў свой фэрмэрскі маёнтак у 1988 годзе адным з самых першых у краіне. Пачынаў з простай белакачаннай капусты. Пазьней пачаў сеяць кроп, садзіць цыбулю. А цяпер перайшоў на такія рэдкія культуры, як сельдэрэй, парэй, пэкінскую, квяцістую ды іншыя гатункі капусты, якія прадае аптавікам у Беларусі, частку экспартуе ў Эўропу. Але бывае, што вырашчанае выгадней заараць, чым прадаць. Адсутнасьць рынку спараджае мноства праблемаў, але працуе ён ад цямна да цямна.

Сталкеры Свабоды

Сталкеры Свабоды

«Сталкеры Свабоды» — штотыднёвая праграма нашага Радыё. У ёй мы распавядаем пра людзей, якія сілай сваіх перакананьняў, творчай актыўнасьцю, нязломным аптымізмам, глыбінёю веры ў сваё прадвызначэньне ствараюць уласную тэрыторыю свабоды. Героі праграмы — земляробы і інтэлектуалы, адзінокія маці і шматдзетныя бацькі, спартоўцы і эколягі, невядомыя народныя майстры і выбітныя прафэсійныя мастакі, вольныя вандроўнікі і вязьні турмаў — усе тыя, хто штодзённа расшырае вакол сябе ўласную свабодную прастору да межаў уласнае краіны. Штотыдзень па суботах на нашым сайце — «Сталкеры Свабоды».

Усе выпускі «Сталкераў Свабоды»
«Я сёньня ўжо другія порткі памяняў, бо поўзаў на каленях. Во сёньняшнія якія мазалі, бо за трыццаць хвілін трэба было высекчы вельмі шмат капусты. Людзі, якія бачаць, як я працую, раней казалі: «Не, так нельга рабіць, ён доўга не працягне». А бачыце, я цягну, а многіх, хто гаварыў, ужо няма. Таму мясцовыя бачаць, як я працую і што маю. Гэта цяжкая праца, але яна мне нешта дае. Я ўсім кажу, і калгасьнікам асабліва: «Такая мая праца дазваляе мне хоць зьезьдзіць куды, паглядзець іншыя краіны».

Ён шмат вандруе і па Беларусі, заўсёды на ровары. Так зручней вывучаць радзіму. Часам яму ў гэтым перашкаджаюць, у Белавескай пушчы нават затрымалі.

«Навошта мяжа ў Белавескай пушчы? Такое прыгожае месца — і не пускаюць паглядзець. Вунь аднясіце мяжу пад Смаленшчыну, калі вы хочаце берагчы Эўропу ад наркотыкаў. А то адгарадзіліся тут і мяне затрымалі. Я не адчуваю сябе цалкам свабодным у гэтай краіне. Як падумаеш, што ў нас і людзі зьніклі, то разумееш, што гэта проста могуць з кожным зрабіць».

Але зьяжджаць з краіны, тым больш кідаць сваю зямлю ён не зьбіраецца.

«Я часам бачыў людзей, якія хапаліся за гэтую справу, за гэтую зямлю, а потым з такой лёгкасьцю кідалі. Не, мне лепш застрэліцца тады. Мне падабаецца такі сэнс майго жыцьця на гэтай зямлі».