Эўрадэпутат выступіў у абарону беларускага сьцяга

Марэк Мігальскі

Эўрадэпутат ад Польшчы Марэк Мігальскі заклікаў Эўракамісію і швэдзкія ўлады ўмяшацца ў скандал зь беларускімі заўзятарамі на хакейным чэмпіянаце ў Швэцыі.
Пра гэта БелаПАН паведамілі ў офісе эўрадэпутата.

3 траўня падчас хакейнага матчу Беларусь — Чэхія беларускія заўзятары вывесілі вялізны бел-чырвона-белы сьцяг і харугву з выявай герба «Пагоня». Заўзятарам паспрабавалі перашкаджаць паліцыянты, аднак калі паміж імі завязалася бойка, на дапамогу беларусам прыйшлі швэдзкія заўзятары. У выніку беларусы здолелі развесіць свае бел-чырвона-белыя сьцягі, і яны правіселі на трыбунах да канца матчу. Арганізатары чэмпіянату заявілі, што больш не пусьцяць на трыбуны хакейнага стадыёна беларусаў з неафіцыйнай сымболікай. 5 траўня на матчы Беларусь — Славенія за спробу разгарнуць вялікі сьцяг беларусаў, выкруціўшы рукі, вывелі са стадыёна.

«Бел-чырвона-белы сьцяг — гэта традыцыйны сымбаль Беларусі, сымбаль незалежнасьці і дэмакратыі, — гаворыцца ў звароце Мігальскага ў Эўракамісію. — Гэта абуральна, што ў краіне, якая зьяўляецца сябрам Эўрапейскага зьвязу, душаць вызваленчыя імкненьні беларусаў і караюць людзей за выкарыстаньне сваіх народных знакаў».

У звароце да міністра замежных спраў і прэм’ер-міністра Швэцыі Мігальскі падкрэсьліў, што іх краіна, будучы ініцыятарам праграмы «Усходняе партнэрства», «павінна стаяць на варце выкананьня правоў чалавека ў Беларусі, падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць і дэмакратычныя зьмены ў гэтай краіне. Тым больш зьдзіўляе дыскрымінацыя беларускіх заўзятараў за іх адданасьць дэмакратычным сымбалям падчас матчаў, якія праходзяць у Швэцыі».

Таксама Мігальскі заклікаў швэдзкіх дэпутатаў Эўрапарлямэнту «спрыяць разнастайным чынам павагі беларускіх нацыянальных сымбаляў падчас спартыўных мерапрыемстваў у Швэцыі».

Польскі эўрадэпутат таксама зьвярнуўся з лістом да прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі хакея Рэнэ Фазеля:

«Як перадаюць незалежныя СМІ, менавіта МФХ прыняла рашэньне аб забароне бел-чырвона-белага сьцяга, бо палічыла яго палітычным сымбалем. Хачу вас праінфармаваць, што гэты сьцяг не зьяўляецца сымбалем ні адной палітычнай партыі. Гэта традыцыйны гістарычны сымбаль Беларусі, сымбаль незалежнасьці і дэмакратыі. Аляксандр Лукашэнка забараніў гэты сьцяг, а за дэманстратыўную прыхільнасьць гэтым народным сымбалям можна паплаціцца свабодай. Хацелася б зьвярнуць вашу ўвагу на той факт, што рэфэрэндум 1995 года, які ўвёў забарону на выкарыстаньне сьцяга ў Беларусі, суправаджаўся шматлікімі парушэньнямі і маніпуляцыямі ».

Нагадаем Мігальскі сумесна з эўрадэпутатам ад Славакіі Петэрам Шцясным на глябальнай плятформе www.сhange.org арганізавалі збор подпісаў за перанос зь Беларусі хакейнага чэмпіянату 2014 года. Дакумэнт падпісалі каля 19 тысяч чалавек.