«Советская Белоруссия» паглынае «Рэспубліку» і «Белорусскую ниву»

Зьліцьцё выданьняў мае адбыцца да 1 ліпеня 2013 году.
Такую пастанову за нумарам 332 ад 30 красавіка прыняў Савет міністраў. Падпісаны дакумэнт прэм’ер-міністрам Міхаілам Мясьніковічам.

Афіцыйна слоган газэты «Рэспубліка» — словы Кастуся Каліноўскага «Не народ для ўрада, а ўрад для народа». «Рэспубліка» — газэта Савета Міністраў, выходзіць з 1991 году.

Наклад «Рэспублікі» сягаў 50 тысяч асобнікаў. Галоўны рэдактар газэты — Анатоль Лемяшонак.

30 сакавіка, напярэдадні дня смеху, газэта пацешыла чытачоў гісторыяй пра сабаку Жуліка зь вёскі Будачкі, якому амэрыканец пакінуў у спадчыну мільён даляраў. Выходзіць па-беларуску і па-расейску.

«Белорусская нива» — «сельская газэта пра сельскае жыцьцё» — адно з найстарэйшых беларускіх выданьняў. Першы нумар выйшаў у 1921 годзе. Цяпер яе галоўны рэдактар Сяргей Міховіч. Верагодны наклад — каля 35 тысяч асобнікаў. Выходзіць па-расейску і па-беларуску.

Чуткі пра тое, што газэты будуць аб’ядноўваць, бударажаць Дом прэсы ўжо некалькі месяцаў. Напачатку году стала вядома, што галоўны рэдактар «Советской Белоруссии» Павал Якубовіч нібыта адмаўляецца ўзначальваць новае «ўзбуйненае» выданьне.