Калінкавічы: сварыліся — двое, вінаваты — адзін апазыцыянэр

Дзяніс Рабянок

У Калінкавічах на грамадзкага актывіста, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Дзяніса Рабянка напалі з прымяненьнем сьлезацечнага газу.
На заяву апазыцыянэра міліцыя склала пратакол супраць яго самога, абвінаваціўшы ў нанясеньні цялесных пашкоджаньняў нападніку — суседу па дому.

У адну з красавіцкіх суботаў Дзяніс Рабянок выйшаў на свой уласны суботнік — прыбраць клюмбу насупраць балькона ў шматкватэрным доме. Такая ініцыятыва зь нейкай прычыны прыйшлася не даспадобы суседу Ўладзімеру Жыгару. Усчалася сварка.

Дзяніс: «Жыгар гэты яшчэ з 2010 году ўсялякім чынам правакаваў са мною канфлікт — і калі я назіральнікам быў на выбарах, і калі друкаваныя ўлёткі распаўсюджваў розных апазыцыйных кандыдатаў. А ў суботу ён зьдзейсьніў на мяне фізычны напад. Выбег і пачаў: праклятыя апазыцыянэры, вас забіваць трэба, высяляць трэба, як кажа наш прэзыдэнт. Я яму ў адказ: „Супакойся ды ідзі палячыся, калі ў цябе нэрвы“».

Працяг канфлікт меў у двары, калі Дзяніс сабраў сьмецьце ў пакет, вынес яго на сьметнік і вяртаўся дадому. Уладзімер з машыны заўважыў Рабянка:

«Ён да мяне падбег і пырснуў у вочы газам з балёніка. Якая бойка? Я некалькі хвілінаў нічога ня бачыў і думаў, што ўвогуле асьлепну».
Ён да мяне падбег і пырснуў у вочы газам з балёніка. Якая бойка?

Маці Дзяніса, якая бачыла напад, выклікала сыну хуткую дапамогу й паведаміла пра інцыдэнт у міліцыю. Мэдыкі забралі Рабянка ў шпіталь, аказалі першую дапамогу. Але з-за хімічнага апёку вачэй давялося лекавацца яшчэ ў афтальмоляга.

У той жа дзень Дзяніс Рабянок падаў у міліцыю заяву аб прыцягненьні нападніка да адказнасьці. Аднак праз два тыдні апазыцыянэр атрымаў копію пастановы за подпісам намесьніка начальніка Калінкавіцкага райаддзелу міліцыі Станіслава Расошкі і ўчастковага інспэктара Ўладзімера Паўловіча.

Дзяніса Рабянка абвінавацілі ў разьвязваньні бойкі, нанясеньні лёгкіх цялесных пашкоджаньняў Уладзімеру Жыгару. Пастанова супраць апазыцыянэра на дробнае хуліганства накіравана ў раённы суд.

Вэрсію здарэньня ад Уладзімера Жыгара выслухаць не ўдалося.

Участковы інспэктар Паўловіч так тлумачыць нечаканы паварот у справе нападу на апазыцыянэра:

«Канфлікт двухбаковы. Калі так па-чалавечы казаць, то вінаватыя абодва. Канфлікт, можна сказаць, дзіцячы, як сусед з суседам. Палітычных матываў там няма ніякіх. Дзяніс штосьці капаў на градцы, шумеў, перашкаджаў — і ў іх узьнік канфлікт. З-за гэтага канфлікту і ўзьнікла ў іх бойка. Чаму Дзяніс вінаватым застаўся? Таму што ёсьць заключэньне экспэрта, што Дзяніс прычыніў цялесныя пашкоджаньні».
Дзяніс штосьці капаў на градцы, шумеў, перашкаджаў — і ў іх узьнік канфлікт

Цікава, што міліцыя накіравала толькі Ўладзімера Жыгара на экспэртызу. А траўму вачэй апазыцыянэра ацэньвала праз шэсьць дзён на падставе запісу ў мэдычных дакумэнтах.

Участковы Паўловіч: «Пра Дзяніса я рабіў выснову з мэдычных дакумэнтаў — экспэрт не дае заключэньня, што ў яго ёсьць цялесныя пашкоджаньні, якія паддаюцца нейкай кваліфікацыі. Таму так атрымалася, што застаўся вінаватым толькі Дзяніс».

Міліцыя ня толькі не накіравала апазыцыянэра на экспэртызу, але не апытала і лекара, які аказваў Рабянку першую мэдычную дапамогу.

На гэты ды шмат якія іншыя факты так званага разбору Дзяніс падаў скаргу раённаму пракурору.