Алег Трусаў

Алег Трусаў нарадзіўся 7 жніўня 1954 году ў Мсьціславе Магілёўскай вобласьці. У 1976 годзе скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. З 1976 да 1992 году працаваў у Беларускім рэстаўрацыйным праектным інстытуце загадчыкам аддзелу комплексных навуковых дасьледаваньняў. У 1981-м абараніў кандыдацкую дысэртацыю.

З 1996 да сакавіка 1998 году — дэкан факультэту бібліятэчна-інфармацыйных сыстэмаў Беларускага ўнівэрсытэту культуры. Цяпер дацэнт катэдры гісторыі Беларусі і музэязнаўства.

У 1990 годзе быў адным з заснавальнікаў Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа і цяпер у ім выкладае.

Браў удзел у абвяшчэньні незалежнасьці Рэспублікі Беларусь, адзін з распрацоўшчыкаў афіцыйнай выявы дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь «Пагоня», бел-чырвона-белага дзяржаўнага сьцяга Рэспублікі Беларусь і наверша да яго.

У 1990–1996 гадах дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня. З 1990 па 1995 год — намесьнік старшыні камісіі Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і ахове гістарычнай спадчыны. Удзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў Апазыцыі БНФ 11–12 красавіка 1995 году супраць арганізаванага Аляксандрам Лукашэнкам рэфэрэндуму аб скасаваньні бел-чырвона-белага сьцяга, гербу «Пагоня» ў якасьці дзяржаўных сымбаляў, скасаваньні статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай і аб эканамічнай інтэграцыі з Расеяй.

У 1989 годзе Трусаў выступіў адным з заснавальнікаў Таварыства беларускай мовы. У красавіку 1997 году Рэспубліканская Рада абрала яго першым намесьнікам старшыні ТБМ. На VI зьезьдзе ТБМ 17 красавіка 1999 году абраны старшынём Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, якім кіруе дасюль.