Французы вывучаць беларускі почырк

Таварыства беларускай мовы супольна з францускімі дасьледчыкамі распачынае праект вывучэньня рукапісных сымбаляў беларускай мовы.
Для таго, каб прыклады беларускага пісьма трапілі ў эўрапейскую базу почыркаў, неабходна сабраць 200 валянтэраў, якія запоўняць адмысловыя анкеты з напісаньнем літараў беларускага альфабэту, некаторых фразаў і сказаў на беларускай мове.

Алена Анісім. Фота Арцёма Канцавога.

«Такое дасьледаваньне будзе праводзіцца ў Беларусі ўпершыню. Вынікамі гэтай працы стане тое, што, па-першае, узоры рукапіснай беларускай мовы патрапяць у эўрапейскую базу і будуць вывучацца навукоўцамі з усяго сьвету, а таксама стануць вялікай дапамогай для перакладу беларускіх рукапісных тэкстаў, а па-другое, станоўчы вынік дасьледаваньня стане паказчыкам таго, што нашая мова жывая і мае актыўных носьбітаў», — кажа каардынатарка зь беларускага боку Алена Анісім.

Кіраўнік ТБМ Алег Трусаў лічыць, што ў супольным француска-беларускім праекце ёсьць і вялікі грамадзкі сэнс:

Алег Трусаў

«Дасьледчыкі з Францыі будуць прысутнічаць падчас запаўненьня анкетаў. Гэта ўмова праекту. Дык вось мы паставілі сабе за мэту цягам трох дзён, пакуль будзе весьціся дасьледаваньне, сабраць 200 валянтэраў, каб даказаць у першую чаргу самім сабе, што мова нашая не пасіўная, што грамадзтва адгукнецца і спрычыніцца да карыснай для беларускай мовы справы».

Умовы ўдзелу ў дасьледаваньні: узрост 18–65 гадоў, карыстаньне рукапіснай беларускай мовай.

Далучыцца да праекту можна:

7 траўня: 13.00-13.30, 13.30-14.00, 17.00-17-30, 17.30-18.00.

8 траўня:
13.00-13.30, 13.30-14.00, 15.00-15.30, 15.30-16.00

9 траўня:
11.00-11.30, 11.30-12.00, 12.00-12.30, 12.30-13.00, 13.00-13.30, 13.30-14.00, 14.00-14.30, 14.30-15.00.

Каб паўдзельнічаць, неабходна паведаміць сваё імя, прозьвішча і зручны для запаўненьня анкеты час па электронным адрасе siadziba@gmail.com (з пазнакаю «праект») альбо па тэлефоне 8-029-661-65-98 (Алена Анісім), а пасьля падыйсьці на сядзібу ТБМ у Менску (вул. Румянцава, 13).