Атакаваны сайт БАЖ

Ідзе DDos-атака на сайт Беларускай асацыяцыі журналістаў www.baj.by.
Як паведаміў прэс-сакратар асацыяцыі Барыс Гарэцкі, атака пачалася праз 30 хвілін пасьля таго, як на сайце быў разьмешчаны матэрыял пра спосабы абараніцца ад віртуальных нападаў на сайты.

«Мы ўзялі парады ў дасьведчаных IT-шнікаў, напісалі, як засьцерагчыся ад узломаў і DDoS-атакаў, аднак самі трапілі пад прыцэл невядомых. Нашыя праграмісты спрабуюць утаймаваць атаку, аднак гэта вельмі складана, таму даводзіцца проста чакаць, пакуль яна скончыцца», — паведаміў Барыс Гарэцкі.

Цяпер сайт Беларускай асацыяцыі журналістаў альбо не адкрываецца, альбо грузіцца вельмі павольна.

25 красавіка былі ўзламаныя сайты навіннага парталу «Беларускі партызан» і правабаарончага цэнтру «Вясна».