У галоўнай вуліцы Менску цяпер ёсьць свая энкцыкляпэдыя

Пісьменьнік Леанід Маракоў прэзэнтаваў у ПЭН-цэнтры сваю новую кнігу «Галоўная вуліца Мінска. 1880-1940 гг. Кніга 1».
Даведнік-энцыкляпэдыя пабачыў сьвет у выдавецтве «Мастацкая літаратура» накладам 1000 асобнікаў.

«Гэтая кніга — своеасаблівы даведнік, у якім, здавалася б, прыводзяцца толькі сухія факты: дакумэнты, фотаздымкі, пляны забудоваў. Але шматстайнасьць гэтых фактаў і толькі фактаў стварае нескажоную гісторыю. Гісторыю вуліцы Савецкай — цяперашняга праспекту Незалежнасьці — галоўнай вуліцы Менску, сталіцы адной з эўрапейскіх дзяржаў», — піша Леанід Маракоў ва ўступным слове.

У кнізе — каля 4 тысяч ілюстрацый.

Першы том прысьвечаны 5 з 14 кварталам галоўнай вуліцы.

Гісторык Ігар Кузьняцоў: «Гэтая праца настолькі фундамэнтальная, што яе нельга крытыкаваць. Але, вядома, крытыкі знойдуцца. Я параю ім напісаць хаця б 10 старонак такога дасьледаваньня».