Ваенныя выдаткі Ўкраіны павялічыліся на чвэрць

Украінскі карвэт «Тернопіль» (архіўнае фота)

Паводле справаздачы Стакгольмскага інстытуту дасьледаваньня праблем міру (SIPRI), сусьветныя вайсковыя выдаткі склалі $1,75 трыльёна ў 2012 годзе, што на 0,5% меньш у параўнаньні з 2011 годам. Зьніжэньне гэтых сусьветных выдаткаў адбылося ўпершыню з 1998 году і было абумоўленае буйнымі скарачэньнямі выдаткаў на абарону ў ЗША, Заходняй і Цэнтральнай Эўропе, а таксама ў Аўстраліі, Канадзе і Японіі.
Аднак гэтыя скарачэньні былі ў значнай ступені кампэнсаваныя павелічэньнем выдаткаў у Азіі, Усходняй Эўропе, на Блізкім Ўсходзе, ў Паўночнай Афрыцы і ў Лацінскай Амэрыцы. Кітай, які заняў другое месца паводле велічыні вайсковых выдаткаў у 2012 годзе, павялічыў свае выдаткі на 7,8% , Расея, якая апынулася на трэцім месцы — на 16%.

Расея на трэцім месцы ў сьвеце з вайсковым бюджэтам 91 мільярд даляраў, другое месца займае Кітай — 166 мільярдаў даляраў, першае — ЗША (682 мільярды даляраў). У першую дзясятку краін з найвялікшым вайсковым бюджэтам патрапілі таксама Вялікабрытанія, Японія, Францыя, Саудаўская Арабія, Індыя, Нямеччына і Італія.

Расея рэалізуе амбітную праграму пераўзбраеньня, разьлічаную на 9 гадоў (2011-2020 г. г.), якая прадугледжвае выдаткі ў памеры 705 мільярдаў даляраў.

Вайсковыя выдаткі на Блізкім Усходзе павялічыліся летась на 8,4%. Сусьветным чэмпіёнам па росьце стаў Аман, дзе выдаткі вырасьлі на 51%.

У Лацінскай Амэрыцы выдаткі на абарону павялічыліся на 4,2%. Вэнэсуэла павялічыла вайсковыя выдаткі ў 2012 годзе на 42%, гэта зьвязана з атрыманьнем крэдыту ад Расеі ў памеры $4 мільярды, які пойдзе на закупку вайсковай тэхнікі.

Экспэрты SIPRI адзначаюць таксама значнае — на 24% — павялічэньне выдаткаў на абарону ва Ўкраіне.

Вялікія грошы былі выдаткаваныя летась міністэрствам абароны Ўкраіны для пакупак і мадэрнізацыі ваеннай тэхнікі, гэтак жа як і для навукова-канструктарскіх праектаў — у тым ліку вытворчасьць трэніровачных рэактыўных самалётаў «L-39 Альбатрос» і рэактыўных зьнішчальнікаў МіГ-29. Вялікія выдаткі пайшлі на пабудову баявога карвэту (невялікага вайсковага карабля) і на стварэньне шматфункцыянальнай ракетнай сыстэмы «Сапсан».

Летась Украіна таксама выйшла на чацьвёртае месца ў сьвеце па экспарце ўзбраеньняў (першыя тры месцы — ЗША, Расея і Кітай). Праўда, паводле ацэнак экспэртаў гэта было ў значнай ступені забясьпечана аплатай Кітаю авіяносца, пабудаванага для КНР на ўкраінскіх вэрфях. У 2012 годзе кампанія «Укрспэцэкспарт» атрымала ад продажу зброі прынамсі мільярд даляраў даходу, што стала самым высокім паказьнікам за апошнія 16 гадоў.

Даклад SIPRI ня ўтрымлівае зьвестак пра вайсковыя выдаткі Беларусі.