У Менску пройдзе вечарына памяці Захаранкі

Юры Захаранка

Зьніклага ў 1999-м годзе адстаўнога міністра ўнутраных спраў узгадаюць 16 красавіка ў сядзібе Партыі БНФ.
Як паведамляе прэсавая служба БХД, у вечарыне возьмуць удзел палітыкі, праваабаронцы — Віталь Рымашэўскі, Алег Воўчак, Андрэй Клімаў ды іншыя. На вечарыне будзе прадстаўлены агляд жыцьця і палітычнай дзейнасьці Юрыя Захаранкі, расповеды людзей, зь якімі ён быў знаёмы.

Праваабаронца Гары Паганяйла падрыхтаваў пэтыцыю да генпракурора з патрабаваньнем пакараць злачынцаў па справе зьнікненьня апанэнта Аляксандра Лукашэнкі.

Апазыцыйны палітык, былы міністар унутраных спраў генэрал Юры Захаранка зьнік у Менску вечарам 7 траўня 1999 году. Да свайго дома на Магілёўскай вуліцы не дайшоў нейкую сотню мэтраў. Яго схапілі невядомыя й запхнулі ў легкавік. З таго часу ні сям’я былога міністра, ні грамадзкасьць нічога пэўнага ня ведаюць пра гэтае зьнікненьне. Крымінальная справа аб зьнікненьні Захаранкі можа быць закрытая ў сувязі з заканчэньнем тэрміну даўнасьці, які сыходзіць праз год.