Хто зь Беларусі варты прэміі імя Вацлава Гаўла?

Праекцыя партрэта Вацлава Гаўла на будынку радыё Свабодная Эўропа, 2011 год

У Чэхіі заснавана міжнародная прэмія імя Вацлава Гаўла. Гаўлаўская прэмія будзе ўручацца штогод у кастрычніку — за грамадзянскую мужнасьць і выдатныя дасягненьні ў галіне правоў чалавека ў Страсбуры з наступным ушанаваньнем ляўрэата ў Празе.

Гэтая ўзнагарода будзе параўнальная з прэміяй імя Сахарава, якую Эўрапейскі парлямэнт вось ужо 25 гадоў прысуджае праваабаронцам і актывістам грамадзянскай супольнасьці. Прэмію Сахарава ў 2004 годзе атрымала Беларуская асасцыяцыя журналістаў (БАЖ), а у 2006 годзе -- палітык Аляксандар Мілінкевіч.

Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ), фонд «Хартыя-77» і Бібліятэка Вацлава Гаўла пасьля скону ў сьнежні 2011 году былога прэзыдэнта Чэхіі, кожны паасобку выступалі з ініцыятывай заснаваць Гаўлаўскую прэмію. У сакавіку сёлета гэтыя арганізацыі падпісалі ў Празе пагадненьне аб сумесным выбары ляўрэата. Рашэньне аб узнагароджаньні будзе прымацца пры ўдзеле прадстаўнікоў заснаванага Вацлавам Гаўлам і яго жонкай Дагмар фонду Vize 97, а таксама гуманітарнай арганізацыі «Чалавек у нядолі» і фонду Forum 2000.

Прэмія Вацлава Гаўла будзе ўручацца праваабаронцу або грамадзкай арганізацыі за выдатныя заслугі ў галіне правоў чалавека і заменіць Прэмію правоў чалавека, якую Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы заснавала ў 2007 годзе. З тых часоў прэмія ПАРЭ ўручалася толькі двойчы: брытанска-ірляндзкаму аддзяленьню арганізацыі Human Rights Watch і расейскай няўрадавай арганізацыі «Камітэт супраць катаваньняў». Прэмія Вацлава Гаўла будзе ўручацца на адкрыцьці восеньскай сэсіі ПАРЭ. Ляўрэат атрымае дыплём і матэрыяльную ўзнагароду — 60 тысяч эўра. Сродкі прадстаўляе ўрад Чэхіі.

Каго зь Беларусі, на вашу думку, варта было б уганараваць гэтай прэміяй? Чакаем вашых меркаваньняў у камэнтарах да гэтага артыкулу.