У Смаленску будзе беларускае зямляцтва

У Смаленску адбыўся сход з нагоды адкрыцьця рэгіянальнага прадстаўніцтва Таварыства беларускай мовы.
Пра гэта паведамляе Аршанскі рэгіянальны партал.

Таксама прынятае рашэньне стварыць у Смаленску філію беларускага зямляцтва. Смаленскае прадстаўніцтва будзе насіць імя Францішка Скарыны, у ім будуць вывучацца беларуская мова і культура, яно будзе дапамагаць беларусам Смаленшчыны знайсьці вучобу, працу і месца Жыхарства.

Паводле перапісу насельніцтва ў 2010 годзе, беларусамі сябе назвалі 12 тысяч 12 чалавек, што пастаянна жывуць у Смаленску і маюць пашпарт грамадзяніна Расеі. Цікавая статыстыка, што датычыцца адукацыі ў Смаленску. У горадзе вучыцца 511 студэнтаў з замежжа, прычым 499 – гэта беларусы. Вялікая частка беларускіх студэнтаў у Смаленску – аршанцы. Сярод сталага насельніцтва гораду нямала людзей, што нарадзіліся ў Воршы і потым пераехалі ў суседнюю краіну.