Беразоўскі памёр ад павешаньня

Сьмерць Барыса Беразоўскага наступіла ў выніку ўдушэньня. Пра такія вынікі ўскрыцьця ягонага цела паведамілі прадстаўнікі ўпраўленьня паліцыі даліны Тэмзы.
Паліцыя лічыць, што ў наяўнасьці ўсе прыкметы павешаньня. Раней зьявіліся чуткі аб тым, што побач з целам нібыта знайшлі шалік. Паводле патолягаанатамаў, яны не знайшлі ніякіх дэталяў, якія паказваюць на гвалт ці барацьбу.

Іншых падрабязнасьцяў паліцыянты пакуль не апублікавалі, паведамляе ВВС.

У суботу 67-гадовы Беразоўскі быў знойдзены мёртвым у сваім доме ў мястэчку Аскот ў графстве Беркшыр непадалёк ад Лёндана. Раней паліцыя паведаміла, што ў яе няма падстаў падазраваць ўдзел «якога-небудзь трэцяга боку» ў сьмерці расейскага бізнэсмэна.

Паліцыянты ў бліжэйшы час правядуць гісталягічныя і таксыкалягічныя экспэртызы, вынікі якіх чакаюцца не раней, чым праз некалькі тыдняў. У бліжэйшыя дні экспэрты працягнуць абсьледаваньне дома, дзе памёр Беразоўскі.