МЗС Польшчы: Беларусь ускладняе паездкі сваім грамадзянам

Міністэрства замежных справаў Польшчы шкадуе, што беларускія ўлады чарговым разам з палітычных прычынаў ускладняюць жыцьцё сваім грамадзянам.

Так польскі МЗС пракамэнтаваў для Радыё Свабода папрок афіцыйнага Менску ў «антыбеларускай пазыцыі» Польшчы. Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных напярэдадні заявіў, што «ўступленьне ў дзеяньне дамовы аб спрошчаным перасячэньні мяжы паміж Беларусьсю і Польшчай у бліжэйшы час не прадугледжваецца». Ён сказаў, што гэта зьвязана з той жорсткай антыбеларускай пазыцыяй, якую займае ўрад Польшчы.

Польскі МЗС сьцьвярджае, што гатовы да ўвядзеньня «малога памежнага руху», а таксама, нягледзячы на цяжкасьці, робіць «усё магчымае, каб выдаваць як найболей візаў».

МЗС Польшчы нагадвае, што ў 2012 годзе польскія консульствы ў Менску, Берасьці і Горадні выдалі беларускім грамадзянам рэкордную колькасьць візаў: 350 тысячаў. МЗС сьцьвярджае, што выдаваць большую колькасьць візаў перашкаджае малая колькасьць консулаў, а «неаднаразовыя просьбы да беларускіх уладаў павялічыць колькасьць консулаў, на жаль, не далі вынікаў».

МЗС дадае, што ў выпадку ўвядзеньня «малога памежнага руху» каля 1.1 млн. чалавек у Беларусі атрымалі б магчымасьць уезду на тэрыторыю Польшчы. Адпаведнае пагадненьне Польшча ратыфікавала 17 верасьня 2010 году, калі прэзыдэнт Браніслаў Камароўскі падпісаў дакумэнт. Беларусь да гэтага часу падобнага кроку не зрабіла.