Інаўгурацыя папы – упершыню з праваслаўнымі

У Рым пачалі прыбываць лідэры краінаў сьвету для ўдзелу у цырымоніі інаўгурацыі новага кіраўніка касьцёлу – папы рымскага Францішка.
Цырымонія адбудзецца заўтра на плошчы Сьвятога Пятра ў Ватыкане. На ёй вырашыў прысутнічаць патрыярх Варфаламей, япіскап Канстантынопальскай праваслаўнай царквы. Ён лічыцца нефармальным кіраўніком сусьветных праваслаўных цэркваў. Паводле Associated Press, з 1054 году, калі царква падзялілася на каталіцкую і праваслаўную, канстантынопальскія патрыярхі ня бралі ўдзелу ў інтранізацыі папы.

Патрыярх маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл на інаўгурацыю папы рымскага не паедзе. Замест яго ўрачыстасьці наведае дэлегацыя ярархаў. У Ватыкан накіравалася і беларуская дэлегацыя, якую ўзначальвае старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Анатоль Рубінаў. На цырымоніі будзе прысутнічаць мітрапаліт Менска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.